2011-08-10 14:29:33

Пакістанскія СМІ спрабуюць апраўдаць смерць Бхаці


RealAudioMP3 Пакістанскія СМІ спрабуюць растлумачыць забойства вядучага хрысціянскага палітычнага дзеяча краіны, Шахбаза Бхаці, як вынік сямейнай сваркі, а не палітычнае забойства. Тахір Навед, які кантралюе расследаванне забойства міністра па справах меншасцяў, паведамляе, што інфармацыйныя агенцтвы прадстаўляюць смерць Бхаці ў кантэксце асабістых матываў. Падобнае тлумачэнне забойства вядомага палітыка-хрысціяніна Навед назваў абсалютна абсурдным, паколькі ў Шахбаза, па яго словах, “не было ніякіх асабістых ворагаў”.

Бхаці быў забіты пасля таго, як выступіў за ўнясенне зменаў або адмену вядомага закона “аб блюзнерстве”. Прычым, забойства міністра мела месца пасля таго, як хрысціянскі палітык неаднаразова атрымліваў пагрозы смерці ў свой адрас, наўпрост матываваныя яго палітычнай пазіцыяй.

Навед перакананы, што забойства Бхаці – справа рук ісламскіх фанатыкаў. Але пакістанскія СМІ адмаўляюцца прызнаць гэтую рэальнасць у краіне, дзе экстрэмісты запалохалі не толькі хрысціян, але і мусульман, якія не падзяляюць іх радыкальных поглядаў. “Давайце спадзявацца, што праўда ўсё ж пераможа”, - заключыў ён.







All the contents on this site are copyrighted ©.