2011-08-09 13:10:10

ЗША: дыскрымінацыя каталіцкіх медустаноў


RealAudioMP3 Прэс-сакратар Канферэнцыі Біскупаў ЗША сястра Мэры Эн Уолш выказала сваю крытыку Дэпартамента аховы здароўя і сацыяльных служб ЗША за ўмяшанне ў дзейнасць касцёльных медычных устаноў, якія адмаўляюць у прадастаўленні бясплатных кантрацэптыўных сродкаў.

1 жніўня дэпартамент заявіў аб новых планах медыка-санітарнай дапамогі, якія будуць уключаць кантрацэпцыю і стэрылізацыю, як прэвентыўныя меры згодна з прынятым у 2010 г. заканадаўствам па ахове здароўя.

Сястра Уолш заявіла, што, хоць заканадаўства прадугледжвае выключэнне для касцёльных працадаўцаў – што па крайняй меры з’яўляецца “маўклівым прызнаннем таго, што новыя правілы парушаюць Канстытуцыю ў дачыненні да рэлігійнай свабоды”, яно носіць характар дыскрымінацыі.

Прэс-сакратар адзначыла, што каталіцкія шпіталі, дабрачынныя арганізацыі і навучальныя ўстановы аказваюць дапамогу ў памеры каля 30 млрд. долараў у год, і што ніхто не “патрабуе ні ў кога пасведчання аб хрышчэнні ў аддзяленні неадкладнай дапамогі” каталіцкіх бальніц. “Студэнты могуць навучацца ў каталіцкіх універсітэтах Амерыкі без праходжання тэсту па катэхізісе”, - падкрэсліла сястра Уолш, гаворачы, што Каталіцкі Касцёл у сферы медыцыны і дабрачыннасці не адрознівае католікаў ад некатолікаў.

Яна дадала, што каталіцкія бальніцы ў краіне прымаюць каля 5,6 млн. чалавек у год. Адзін з шасці чалавек, шукаючых стацыянарнай медычнай дапамогі ў Злучаных Штатах, знаходзіць яе ў катадіцкіх шпіталях. Каталіцкія дабрачынныя арганізацыі, клапоцяцца аб больш за 9 млн. чалавек у год.

І цяпер “федэральныя правілы кажуць, што касцёл павінен абмяжоўваць сваё служэнне, калі ён хоча быць верным свайму вучэнню”, - сказала яна.
Сястра Уолш таксама адзначыла, што каталіцкія каледжы і ўніверсітэты навучаюць 850 тыс. студэнтаў, сярод іх католікі, пратэстанты, юдэі, мусульмане, атэісты, агностыкі “і члены іншых рэлігійных або нерэлігійнай груп”.

“Рэформа аховы здароўя павінна пашырыць доступ да асноўных медыцынскіх паслуг, а не штурхаць рэлігійныя групы парушаць свае прынцыпы або адмовіцца ад паслугі тым, якія жывуць у нястачы, незалежна ад іх рэлігійных перакананняў”, - падкрэсліла сястра Мэры Эн Уолш, прэс-сакратар Канферэнцыі Біскупаў ЗША.







All the contents on this site are copyrighted ©.