2011-08-07 14:27:52

Расія: прапановы Царквы пачутыя парламентам


RealAudioMP3 Распрацоўнікі законапраекта аб асновах аховы здароўя ўлічаць многія антыабортныя ініцыятывы Рускай Праваслаўнай Царквы, заявіла кіраўнік камітэта Дзярждумы Расіі па ахове здароўя Вольга Барзова.

У прыватнасці, законапраектам уводзіцца “час цішыні”: сямідзённы тэрмін з моманту звароту жанчыны з цяжарнасцю да 11 тыдняў у клініку, на працягу якога аборт не будзе праводзіцца. Павелічэнне да тыдня “часу цішыні” з'яўляецца вынікам дамоўленасцяў, дасягнутых паміж Міністэрствам аховы здароўя і і прадстаўнікамі Царквы.

На працягу гэтага часу з жанчынамі будуць размаўляць спецыялісты-псіхолагі і сацыяльныя работнікі. Для гэтага ў клініках засноўваюцца, а ў шэрагу суб'ектаў ужо заснаваны і адкрыты, спецыяльныя кабінеты медыка-псіхалагічнай і сацыяльна-прававой дапамогі. Паводле слоў дэпутата, абавязковасць гэтых гутарак будзе замацавана ў нарматыўна-прававых актах Міністэрства аховы здароўя.

Кіраўнік камітэта лічыць важным, што новы закон аб ахове здароўя замацуе норму аб інфармаванай добраахвотнай згодзе на любое медыцынскае ўмяшанне і адмове ад яго. Гэта датычыцца і аборта.

Як падкрэсліла дэпутат, работа па прадухіленні абортаў вядзецца ў комплексе, і ў 2007 г. ужо быў скарочаны пералік медыцынскіх паказанняў для правядзення абортаў, што дапамагло знізіць іх колькасць у Расіі ў два разы за апошнія пяць гадоў. Барзова нагадала таксама, што ў закон аб рэкламе плануецца ўвесці норму аб забароне рэкламы паслуг па штучным перапынення цяжарнасці ў любой форме.







All the contents on this site are copyrighted ©.