2011-08-07 14:11:05

Беларусь: “мадрыдская моладзь” атрымала благаслаўленне на падарожжа


RealAudioMP3 Сёння ў Івянцы, што недалёк ад Валожына, не спалі ўсю ноч. Трохдзённы марафон – ІІ Агульнабеларуская сустрэча моладзі – падышоў да завяршэння. Паўночны канцэрт “Музычнай майстэрні”, потым начное чуванне ў касцёле, і ўжо раніцай – Святая Імша. Падчас яе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў моладзь быць людзьмі моцнай веры. Прыслухацца да слоў Святога Айца Бэнэдыкта XVI і адкрыць нанава прыгажосць веры, быць сучаснымі і адначасова вернымі свайму хрысціянскаму пакліканю. І гэта – пэўны шлях да шчасця.

Праграма форуму ў гэтым годзе была насычанай і, падводзячы вынікі, можна сказаць, што ўсе пункты былі выкананы. Напярэданні прайшлі дзве важныя падзеі, якія склалі “змястоўнае насычэнне” сустрэчы. Па-першае, круглыя сталы. Тэмы іх былі разнастайныя, але выключна тыя, якія хвалююць сучасную моладзь: акультызм, секты, Касцёл і сродкі масавай інфармацыі, Касцёл і мастацтва. Дарэчы, вызначыліся і былі ўзнагароджаны пераможцы фотоконкурсу “Чалавек – Божае стварэнне”. Вялікі рэзананс атрымаў дыялог біскупаў з удзельнікамі сустрэчы. Пытанні моладзь дасылала па электроннай пошце. Размова атрымалася цікавай і змястоўнай – ад выдання літургічных кніг да стаўлення Касцёла да гамеапатычных лекаў. Мэта сёлятняга форума і была дасягнута: не толькі адчуць яднанне аднадумцаў, адпачыць душой, але і знайсці адказы на свае пытанні.

На прыканцы сустрэчы была асвечана фігура Яна Паўла ІІ, удзельнікі пасадзілі “дрэва ІІ Агульнабеларускай сустрэчы моладзі”. Святары ўдзялілі благаслаўленне беларускім пілігрымам, якія ўжо заўтра едуць у Мадрыд на Сусветныя дні моладзі, каб прыняць удзел у супольнай малітве з папам Бэнэдыктам XVI. Прыйшоў час развітання, але і час чакання... наступнай сустрэчы моладзі ў Івянцы!

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.