2011-08-05 13:32:22

Колькасць смяротных прысудаў, заснаваных на шарыяце, павялічылася


RealAudioMP3 Як паведамляе італьянская арганізацыя па правах чалавека, павялічылася колькасць смяротных прысудаў, якія з’яўляюцца вынікам законаў шарыяту. Як адзначаецца ў дакладзе, прадстаўленым у чацвер арганізацыяй пад назвай “Nessuno tocchi Caino”, у мінулым годзе 714 чалавек былі пакараныя смерцю па ісламскіх законах. У 2009 г., такіх асоб было 658.

Смяротныя пакаранні выконваліся праз павешанне, адсячэнне галавы ці растрэл. Пакаранне смерцю праз збіццё камянямі ў 2010 г. не выкарыстоўвалася. У 24 з 47 пераважна ісламскіх краін смяротнае пакаранне замацавана ў законе, гаворыцца ў дакладзе. У 18 з іх існуе простая спасылка на шарыят.

Агульная колькасць пакаранняў смерцю, паводле “Nessuno tocchi Caino” вырасла ва ўсім свеце. У той жа час, адзначаецца зніжэнне колькасці краін, якія ўжываюць вышэйшую меру пакарання. Адпаведна з дакладам, колькасць вядомых смяротных пакаранняў ў 2010 г. была 5837, больш, чым у 2009 г., калі такіх выпадкаў было 5735. Паводле ацэнак арганізацыі, толькі ў Кітаі праводзіцца каля 5 тыс. пакаранняў смерцю ў год. Іран займае другое месца ў гэтым сумным рэйтынгу. У Паўночнай Карэі, колькасць смяротных прысудаў павялічылася ў тры разы: з 20 да 60.







All the contents on this site are copyrighted ©.