2011-08-04 12:18:16

Прэзідэнт Таджыкістана забараніў непаўналетнім наведваць храмы


RealAudioMP3 Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон падпісаў законапраект “Аб адказнасці бацькоў за выхаванне і навучанне дзяцей”, які забараняе непаўналетнім наведваць месцы рэлігійнага культу, - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка рэспублікі.

У пераліку абавязкаў бацькоў у артыкуле 8 закона гаворыцца, што яны абавязаны “не дапускаць удзелу дзяцей у дзейнасці рэлігійных аб'яднанняў, за выключэннем дзяцей, якія афіцыйна навучаюцца ў рэлігійных установах”. Менавіта гэты аспект новага закона выклікаў абурэнне ў заходніх краінах і ў праваабаронцаў. Улады рэспублікі тлумачаць свае дзеянні ростам узроўню экстрэмізму ў рэспубліцы і неабходнасцю захаваць свецкі характар дзяржавы. Законапраект уступіць у законную сілу, як толькі будзе апублікаваны ў афіцыйным друку.

Гэта не першая ініцыятыва ўладаў у мэтах барацьбы з радыкальным ісламам. У Таджыкістане мясцовыя імамы павінны выбіраць тэмы для пропаведзяў з зацверджанага ўладамі спісу. У кастрычніку 2010 г. быў абраны новы старшыня Савета ўлемаў, якім стаў былы кіраўнік аднаго з аддзелаў Камітэта па справах рэлігій. Гэта абранне было ўспрынята як жаданне ўладаў кантраляваць рэлігійныя пытанні ў рэспубліцы.

99% насельніцтва Таджыкістана вызнае іслам, большасць – гэта суніты, але існуе вялікая дыяспара ісмаілітаў, шыіцкай галіны ісламу.







All the contents on this site are copyrighted ©.