2011-08-02 18:42:50

Рыміні: пахаванне арцыбіскупа Пьетро Самбі


2 жніўня ў Рыміні адбылося пахаванне арцыбіскупа Пьетро Самбі, былога апостальскага нунцыя ў ЗША. Іерарх памёр у 73-гадовым узросце у амерыканскім Балціморы, 27 ліпеня 2011 г.

Пахавальную св. Імшу ўзначаліў Субстытут Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Джаванні Анджэла Бэччу. Ад імя Пантыфіка іерарх выказаў спачуванні блізкім памерлага і ўсёй дыяцэзіі Рыміні, з якой паходзіў арцыбіскуп Самбі. “З гэтай зямлі, дзе ён выхоўваўся культурна і духоўна, адправіўся несці розным народам як пасланнік Папы, евангельскую навіну справядлівасці і міра”, - адзначыў у сваёй прамове арцыбіскуп Бэччу. Іерарх узгадаў, што на працягу жыцця памерламу наканавана было выконваць дыпламатычную місію у многіх складаных рэгіёнах, асабліва у Святой Зямлі і ЗША. “Ён заўсёды праяўляў сябе як чалавек глыбокай і моцнай веры, дбайны і адважны пастыр, які ведаў людзей”, - адзначыў арцыбіскуп Бэччу.

Іерарх расказаў аб тым, што арцыбіскуп Пьетро Самбі карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам у Святога Айца. Папа нават планаваў задзейнічаць яго ў Рымскай Курыі, “аднак Пан пажадаў паклікаць да сябе свайго добрага і вернага слугу”. Арцыбіскуп Бэччу прачытаў таксама спачувальны ліст Бэнэдыкта XVI, у якім Пантыфік адзначыў яго “дбайнае святарскае жыццё і шчырае служэнне Апостальскай Сталіцы ў розных краінах, асабліва ў Святой Зямлі і ЗША, дзе ён мудра рэалізаваў свае інтэлектуальныя і духоўныя дары”.







All the contents on this site are copyrighted ©.