2011-08-02 16:18:57

Біскупы ЗША пра 11 верасня: прабачаць не азначае бяздзейнічаць


RealAudioMP3 “Прабачэнне”, “мір” і “прымірэнне” – на гэтыя тры прынцыпы звяртае ўвагу Каталіцкі Касцёл у Амерыцы, напярэдадні 10 гадавіны тэрактаў 11 верасня. Каб узгадаць аб тысячах ахвяр нападу “Аль-Кайды”, амерыканская біскупская канферэнцыя стварыла спецыяльную інтэрнэт старонку, на якой змешчаны літургічныя рэкамендацыі і практычныя парады для адзначэння гэтай трагічнай даты.

“11 верасня. Касцёл памятае” – так называецца старонка, на якой біскупы звяртаюць увагу на некаторыя аспекты, якія варта падкрэсліць у гаміліях, што прагучаць у гэты дзень. Увага звяртаецца на важнасць галоўнай тэмы: “выкліку прабачэння”. “Неабходна даверыць Пану наш гнеў і наша жаданне помсты, таму што гэта задача Бога, а не наша – караць тых, хто ўчыніў зло. Мы не павінны насіць у сабе жаданне помсты, але абавязаны прабачаць”, - пішуць амерыканскія іерархі. “Прабачаць іншаму, не азначае пазбавіць яго адказнасці за ўчыненае, таму што міласэрнасць не выключае справядлівасці і неабходнасці навяртання, але адкрывае шлях любові, якая іх умацоўвае”, - адзначаюць біскупы.

“Канешне, лягчэй прабачыць грубасць ці маленькае занядбанне, што здараюцца ў нашым штодзённым жыцці, чым тое, што адбылося 11 верасня. Але прабачаючы мы становімся здольнымі жыць у міры і любові, а не ў нянавісці, якая ўсё разбурае. Езус не быў пасіўным у адносінах да зла. Таму мы павінны працаваць, каб бараніць нявінных і спыніць злачынствы супраць чалавецтва. Прабачыць не азначае бездзейнічаць”, - адзначаецца ў пасланні.

Акрамя таго, іерархі заклікаюць да канкрэтных крокаў, якія дапамогуць аднавіць мір: маліцца за спыненне гвалту, пасціць у інтэнцыі міра і справядлівасці, лепш знаёміцца з навучаннем Касцёла адносна вайны і міра, практыкаваць міжрэлігійны дыялог, сведчыць аб хрысціянскіх каштоўнасцях, такіх як: павага да жыцця і годнасць чалавека, дапамагаць і служыць патрабуючым, быць салідарнымі з тымі, хто пакутуе і прасіць аб Божых ласках”.







All the contents on this site are copyrighted ©.