2011-08-01 16:28:16

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Адпачынак і вера


RealAudioMP3 Летні перыяд, які мы цяпер перажываем, для многіх людзей становіцца часам адпускоў, канікулаў, выездаў у новыя мясціны, у адведкі да родных і знаёмых, ці проста - у падарожжы.

Для хрысціяніна перыяд летняга адпачынку можа стаць бласлаўлёным часам вяртання да вытокаў. Гэта асабліва важна для жыхароў вялікіх гарадоў або тых, хто жыве далёка ад роднай старонкі. Нават кароткатэрміновы выезд у родныя мясціны, дакрананне да каранёў сваёй сям’і, можа стацца нібы люстэркам часу, у якім у іншай перспектыве можна ўбачыць свой сённяшні і заўтрашні дзень. Як жа часта для асобаў, адарваных ад спакойнага жыццёвага рытму, выезд у мясціны продкаў, бацькоўскі дом, да роднай парафіі і касцёла, становіцца таксама момантам вяртання да Бога, да задумы над каштоўнасцямі, над тым, што не прамінае. Такі час адарвання ад шалёнага рытму сучаснага свету дазваляе з дыстанцыяй паглядзець на тое, што паглынае столькі часу і здаецца такім важным. Ці не таму навучанне Касцёла так моцна акцэнтуе запаведзь святкавання дзён Божых. Кожная нядзеля і свята, перажытыя па-хрысціянску, з Богам, могуць стаць для католіка сапраўдным лекам на тое, каб вырвацца з віру зямных клопатаў, нібы з боку паглядзець на сваё жыццё, прыгадаць сапраўдныя каштоўнасці, сваю прыналежнасць да Вечнасці.

Уменне вырывацца з паглынаючых прыземных клопатаў з’яўляецца надзвычай важнай якасцю, мацуючай хрысціяніна. Імклівае развіццё сучаснага тэхнагеннага свету накаляе ў людзях пастаянныя стрэсы. Страх перад тым, каб паспець за імклівай зменлівасцю, каб быць кампетэнтым і запатрабаваным на рынку працы, каб уладкаваць свой няўстойлівы матэрыяльны побыт, нагнятае шалёны рытм жыцця.

Гэта нараджае спакусу адкінуць, або прынамсі пакінуць на пасля справы душы, поўнасцю пагружаючыся ў справы цела. Ці не тут крыецца спакуса працагалізму, пропускаў нядзельнай св. Імшы, штодзённай малітвы. Парадокс такога жыцця заключаецца ў тым, што чым больш нейкая асоба спяшаецца ўсё ахапіць, тым менш яна паспявае. Чым больш неўтаймаваныя апетыты, тым больш стрэсаў, незадаволенасці, прыгнечанасці. Здаецца, сучасны чалавек не жадае згадзіцца з тым, што ўласцівая яму ненасычальнасць душы, прагненне большага, лепшага, ніколі не здолее насыціць матэрыяльны свет. Бязмежныя жаданні можа насыціць толькі бязмежны Бог.

Разуменне таго, што з намі адбываецца, у якім кірунку мы ідзём, што і хто найважнейшы ў жыцці – усё гэта патрабуе рэфлексіі, задумы. А рэфлексія магчымая толькі ў адпаведнай атмасферы, месцы і часе. Таму сярод віру працы неабходны адпачынак. Таму патрэбная нядзеля, водпуск, канікулы, выхадныя. Але ўсе гэтыя моманты могуць так і застацца невыкарыстанымі або змарнаванымі шанцамі. На жаль, у наш час нямала вернікаў проста прасыпае вольны час, марнуе яго ў бессэнсоўнай ляноце, абібоцтве. Па-чалавечы лёгка можна перакінуцца з адной крайнасці ў другую: з празмернай працавітасці, нервовага жадання выкарыстаць кожную хвілінку, да жахлівага марнавання цэлых дзён ці тыдняў, дадзеных Богам.

Для многіх хрысціянаў час адпускоў або канікулаў становіцца перыядам сапраўднага выпрабавання веры. Многія, ня гледзячы на занятасць, умеюць наладзіць у сябе дома нейкае рэлігійнае жыццё, час на малітву, час на св. Імшу. Аднак пры выездзе за мяжу, або нават у іншую мясцовасць, часам наладжваюцца ўсе ўмовы для адпачынку, акрамя адной – адпачынку з Богам. А менавіта ў моманты расслаблення, калі чалавек дзейнічае не па прынцыпу “павінен”, але “хачу”, тады правяраецца яго хрысціянская ідэнтычнасць. Таму варта імкнуцца да таго, каб летні адпачынак быў часам аднаўлення не толькі фізічных, але і духоўных сіл, адбудовы адносінаў з Богам. Тады гэты час можа стаць бясцэнным перыядам аздараўлення духа, мацавання сапраўднай каталіцкай тоеснасці не толькі ў сваім жыцці, але - праз сведчанне веры – у жыцці сваіх блізкіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.