2011-08-01 13:34:29

Нікарагуа: павялічваецца канфлікт паміж Артэгай і біскупамі


RealAudioMP3 У Нікарагуа пашыраецца канфлікт паміж каталіцкімі біскупамі краіны і Прэзідэнтам Даніэлем Артэгай у сувязі з маючымі адбыцца ў лістападзе прэзідэнцкімі выбарамі. “Бог выратуе нас”, - заявіў на мінулым тыдні Артэга падчас выбарчага мерапрыемства да сваіх прыхільнікаў, маючы на ўвазе “вызваленне” краіны ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў.

Біскупы лічаць выстаўленне кандыдатуры Артэгі на выбарах незаконным. Паводле канстытуцыі з 2007 г., дзеючы прэзідэнт і сандзініст больш не можа быць кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы, але з дапамогай суда вясной гэтага года ён змусіў парламент зацвердзіць сваю кандыдатуру на пераабранне.

Старшыня біскупскай канферэнцыі Нікарагуа, арцыбіскуп Леапольда Брэнэс, паддаў рэзкай крытыцы Цэнтральную выбарчую камісію і Вярхоўны суд. Яны, паводле арцыбіскупа, як наглядныя органы, пагаджаюцца на бязпраўе. “Калі гэтыя інстытуты прытрымліваліся б прынцыпаў Канстытуцыі, яны б не зацвердзілі гэту незаконную кандыдатуру”, - сказаў ён.

19 ліпеня кіруючы левы сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення адзначаў 32-ю гадавіну сандзінісцкай рэвалюцыі. У сувязі з гэтым, некаторыя каталіцкія святары цэлебравалі так званую “Імшу рэвалюцыі”. Біскупская канферэнцыя краіны назвала такі крок палітызаваннем і абвясціла даследаванне ў гэтай справе.

Біскупаў асабліва турбуе мова кампаніі Артэгі. Ён назваў рэвалюцыю “Божай справай”, а сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення, паводле яго, дзейнічае "ад імя Пана". “Рэлігійныя элементы не павінны выкарыстоўвацца ў прапагандысцкіх мэтах”, - сказаў дапаможны біскуп Манагуа Сільвіо Баэз, які з'яўляецца адным з самых рэзкіх крытыкаў Артэгі.







All the contents on this site are copyrighted ©.