2011-07-29 15:27:10

Арцыбіскуп Гуджэроцці: абяцаю ўсім беларусам слухаць і любіць іх


RealAudioMP3 "Я абяцаю усім беларусам слухаць і любіць іх", - з такімі словамі звярнуўся да вернікаў нашай краіны новапрызначаны Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У інтэрв'ю нашаму радыё іерарх расказаў аб сваім каўказскім вопыце дыпламатычнай службы і аб планах на новым этапе працы ад імя Апостальскай Сталіцы. Прапануем вашай увазе тэкст інтэрвью з арцыбіскупам Гуджэроцці.

Ваша Эксцэленцыі, з якімі думкамі і настроем вы прынялі прызначэнне ў Беларусь?

Мая першая рэакцыя была падобнай да рэакцыі Абрагама, калі Пан паклікаў яго пакінуць сваю зямлю і даверыцца Яму. Адчуваю пачуццё падзякі, за усё тое, што на працягу апошніх гадоў мне давялося перажыць у Грузіі, Арменіі і Азербайджане, а таксама за новае пакліканне служыць Апосталькай Сталіцы на Беларускай зямлі. Я асабліва ўдзячны Святому Айцу за зноў аказаны да мяне давер у маёй новай дзейнасці.

Вы неслі служэнне ў Грузіі, Арменіі, Азербайджане – былых краінах сацлягеру. Беларусь таксама да іх адносіцца. Ці робіце Вы ў сваёй працы папраўку на тое, што практычна 80 гадоў на гэтай тэрыторыі рэлігія была “па-за законам”?

Падчас майго служэння ў Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў з 1985 г. да 2001 г., мне даводзілася сачыць за падзеямі, што адбываліся ў Савецкім Саюзе і якія змянілі рух сусветнай гісторыі. Потым была мая працяглая, амаль дзесяцігадовая прысутнасць на Каўказе, дзе я стаў сведкам і прыхільнікам абуджэння новай свядомасці, намаганняў па пераадоленні сацыяльных цяжкасцяў, пошуку стабільнасці, адкрыцця новых гарызонтаў, будавання грамадскага жыцця на фундаменце павагі да чалавечай асобы і агульнага дабра.
Пачатак дзейнасці ў Беларусі з’яўляецца натуральным працягам майго каўказскага вопыту, спрабуючы ў асаблівасці, знайсці Божую волю, у аснове кожнага сумлення, узаемнага даверу, павагі да маральных законаў. Я знаёмы са слаўнай і шматпакутнай гісторыяй беларускага народа, з яго глыбокай верай, дабрынёй і вялікадушшам жыхароў гэтай краіны. Я знаёмы з іх працавітасцю, з дасягненнямі ў галіне культуры і мастацтва, з іх імкненнем чыніць дабро.

Ці знаёмыя Вы з беларускімі біскупамі і становішчам Каталіцкага Касцёла ў краіне?

Я меў магчымасць сустрэцца з некаторымі кіраўнікамі каталіцкай супольнасці ў Беларусі, як лацінскага так і візантыйскага абрадаў. У прыватнасці, я сустракаўся з арцыбіскупам Кандрусевічам і архімандрытам Гаекам, а таксама з главой Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам. У момант майго прызначэння, я з вялікім захапленнем і малітоўным успамінам звяртаў свой позірк на кардынала Казіміра Свёнтка, які нават з бальнічнага ложку працягваў сваю айцоўскую і пастырскую дзейнасць. Зараз калі Пан паклікаў яго да сябе, мае ўспаміны і малітва становяцца яшчэ больш моцнымі, з надзеяй, што ён стане нашым новым заступнікам у небе.

Я, як і усе людзі, з боллем у сэрцы ўзгадваю катастрофу на Чарнобльскай АЭС, якая забрала жыцці многіх нявінных людзей. Я памятаю вялікую салідарнасць, якую праявіла сусветная супольнасць, у тым ліку і мая родная краіна Італія, для дапамогі, асабліва дзецям у тыя цяжкія дні. Я сустракаўся з многімі простымі грамадзянамі Беларусі, якія паказалі мне сваё вялікае сэрца. Думка аб тым, што мне давядзецца працаваць з імі радуе мяне і напаўняе надзеяй.

Ці ёсць нейкія першачарговыя праблемы, на якія трэба звярнуць увагу ў Беларусі?

Я еду ў Беларусь, як каталіцкі біскуп, падзяляючы з Праваслаўнай Царквой амаль увесь скарб веры. Але пры гэтым, будучы прадстаўніком Папы Рымскага нясу туды сведчанне служэння Пятра, як маста, што аб’ядноўвае. Я буду імкнуцца падзяліць з усімі хрысціянамі вопыт служэння чалавечай асобе, які Каталіцкі Касцёл набыў у кантэксце яго паўсюднай прысутнасці і, які пашырыўся ў выніку кантактаў з рознымі народамі на працягу апошніх дзесяцігодзяў нанава здабытай свабоды. Негледзячы на тое, што на працягу апошніх часоў, некалькі разоў праяўляліся непаразуменні і нават супрацьстаянне, усё гэта яшчэ больш умацавала нашу веру і абагаціла наш пастырскі вопыт, напоўніўшы яго больш глыбокім зместам.

Эксцэленцыя, з якімі словамі Вы хацелі б звярнуцца да тых людзей, з якімі і для якіх Вам прыдзецца працаваць у Беларусі?

Пасылаю сваё братэрскае прывітанне братам у біскупстве і святарстве. З асаблівай павагай я стаўлюся да законнікаў і законніц, якія за іх жыццёвае сведчанне і служэнне Божай любові, з’яўляюцца гонарам Касцёла. Благаслаўляю усіх свецкіх, якія прымаюць удзел у жыцці Касцёла.

Вітаю Мітрапаліта Філарэта і усю Праваслаўную Царкву, спадчыну якой я з энтузіязмам вывучаў на працягу многіх гадоў, і з якой давялося блізка супрацоўнічаць падчас майго прабывання на Каўказе. Дасылаю Вам святы пацалунак міра. Выказваю поўную гатоўнасць Каталіцкага Касцёла і Апостальскай Сталіцы жыць і працаваць для вернага і сумеснага сведчання Евангелля ў надзеі на поўнае і бачнае адзінства.

Грамадзянскім уладам краіны хачу выказаць сваю павагу і гатоўнасць працаваць дзеля дабра усяго беларускага народа, ставячы ў галаву вугла чалавечую годнасць, якая для хрысціян паходзіць ад асобы самаго Хрыста, Уцелаўлёнага Слова. Абяцаю ўсім беларусам слухаць і любіць іх. Пакорна і ахвотна служыць ім праз маю новую працу. Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё выказваю маю сардэчную падзяку за ўсё, што яна зрабіла для вернікаў падчас пераследу, калі яе голас нёс суцяшэнне і сведчыў аб падтрымцы і любові ўсяго Касцёла. Прашу усіх ставіцца да здзейненых мной крокаў цярпліва, шчыра і адкрыта і маліцца за мяне. Дзякую.








All the contents on this site are copyrighted ©.