2011-07-28 13:27:55

Аўстралія: новая евангелізацыя ў Сіднэі


RealAudioMP3 “Мэта евангелізацыйнай місіі заўсёды застаецца такой жа, але метады для яе ажыцяўлення могуць быць рознымі і павінны адпавядаць нашаму часу”, - лічыць Кэтрын Кэнэдзі, кіраўнік Аддзела абнаўлення і евангелізацыі “Крэда” Сіднэйскай архідыяцэзіі ў Аўстраліі. У сваім артыкуле размешчаным на сайце архідыяцэзіі, якой кіруе кардынал Джордж Пэл, кіраўнік аддзела “Крэда” прадставіла серыю малітоўных ініцыятыў, якія пройдуць не толькі ў сценах касцёлаў, але і ў розных грамадскіх кантэкстах: школах, камерцыйных цэнтрах, сядзібах розных арганізацый.

“Наша ініцыятыва з’яўляецца часткай праграмы новай евангелізацыі, аб якой казаў Ян Павел ІІ і якая мае на мэце абвяшчэнне Евангелля не толькі ў касцёлах, але і ў месцах, якія шырока наведваюцца людзьмі”, - патлумачыла Кэтрын Кэнэдзі. На наступную суботу запланавана адкрыццё спецыяльнага месца малітвы і рэлігійнай інфармацыі пры гандлёвым цэнтры “East Garden” у Сіднэі. “Наша мэта ў тым, каб умацаваць прысутнасць католікаў у грамадскай сферы. - расказала кіраўнік аддзела евангелізацыі - Часта вернікі не ведаюць як расказаць аб сваёй веры, таму што не існуе адпаведнай магчымасці для евангелізацыі. А наша сведчанне не можа абмяжоўвацца толькі прысутнасцю на нядзельнай св. Імшы”.

Цікава, што сярод людзей, якія адгукнуліся прыняць актыўны ўдзел у дадзенай ініцыятыве, шмат прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Аўстраліі: філіпінцаў, інданезійцаў і палякаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.