2011-07-27 14:15:59

Рым: пахаванне кардынала Вірджыліо Ноэ


RealAudioMP3 26 ліпеня ў базыліцы св. Пятра ў Рыме адбылася цэрымонія развітання з памерлым 24 ліпеня ва ўзросце 89 гадоў кардыналам Вірджыліо Ноэ. Св. Імшу ў інтэнцыі памерлага іерарха ўзначаліў кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі Кардыналаў. Акрамя таго, у набажэнстве прынялі удзел 11 кардыналаў, 19 арцыбіскупаў і біскупаў, а таксама былыя супрацоўнікі, блізкія і сваякі кардынала Ноэ.

У сваёй гаміліі кардынал Садана адзначыў, што памерлы іерарх часта паўтараў словы псальміста: “Буду заўсёды шукаць твайго аблічча, Пане”. “Сёння, ён можа бачыць тое, чаго шукаў на працягу свайго жыцця”, - сказаў іерарх. “Вялікім было сведчанне, якое ён даў праз сваё служэнне Касцёлу, асабліва праз сваю апостальскую дзейнасць. - адзначыў дэкан Калегіі Кардыналаў - Таму, сёння мы хочам праспяваць “Te Deum” падзякі Пану за дар, які ён нам даў, а менавіта за добрага і вернага пастыра, якім быў наш памерлы”.

Іерарх адзначыў, што “для нас хрысціян, як напісаў адзін паэт “смерць не з’яўляецца смяротнай”. “Яна не з’яўляецца непераадольным мурам, але брамай, якая вядзе да вечнасці, благаслаўлёнай вечнасці з Богам, усімі анёламі і святымі, што правядуць нашага дарагога брата кардынала Вірджыліо на Неба”, - сказаў кардынал Садана.

Памерлы кардынал Ноэ на працягу доўгіх гадоў быў арцыпрэсбітэрам базылікі св. Пятра, Папскім вікарыем для горада-дзяржавы Ватыкан і кіраўніком “Фабрыкі св. Пятра”. Ён быў пахаваны ў капліцы ватыканскіх канонікаў на рымскіх могілках “Верано”.







All the contents on this site are copyrighted ©.