2011-07-27 13:06:17

"Плёны св. Духа". Валоданне сабой (І)


RealAudioMP3 Мы пачынаем цыкл катэхез прысвечаных знаёмству з плёнамі Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца італьянскі святар, бібліст, кс. Фабіо Росіні. Кс. Фабіо з’яўляецца вядомым рымскім катэхетам і аўтарам катэхетычных методык папулярных у Італіі. Разважанні, падрыхтаваныя кс. Фабіо для нашага радыё будуць грунтавацца на Пасланні апостала Паўла да Галатаў. Фрагмент 5 главы, у якім апостал вызначае плёны Святога Духа, на думку кс. Фабіо, можа лепш пазнаёміць з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместа, збяднелі ў чалавечым разуменні. Такім чынам, фрагмент тэкста Паслання апостала Паўла да Галатаў дае магчымасць зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўленне сваіх ведаў, пераўзыходзячы шматлікія легенды, якімі хрысціянства абрасло звонку. Кс. Фабіо прапаноўвае зразумець хрысціянства ў адпаведнасці з сённяшнім кантэкстам. Гэта значыць, убачыць хрысціянства такім, якое яно ёсць на самой справе.

Пасланне да Галатаў, з’яўляецца адным з асноўных твораў св. Паўла. У гэтым пасланні ўздымаецца фундаментальная праблема адносінаў паміж законам і ласкай, паміж чалавечай дзейнасцю і дзейнасцю Бога, дзейнасцю Бога ў чалавеку і ролі чалавека ва ўласным збаўленні. Такім чынам, гэта цудоўная магчымасць задумацца аб уласных адносінах з Богам і ўласным збаўленні.

Напрыканцы 5 главы Паслання да Галатаў, апостал прапануе нам два спісы: у адным знаходзяцця плёны цела – наступствы жаданняў цела; у другім –наступствы жаданняў духа. Цела нараджае справы. Дух нараджае плёны. Кантраст паміж справамі і плёнамі вельмі цікавы. Справы грунтуюцца на дзейнасці “чалавечага механізма”. Плёны з’яўляюцца наступствамі пэўнага працэсу, працэсу дзейнасці Духа ў чалавеку. Нам важна зразумець, што плёны Святога Духа, яб якіх мы будзем размаўляць, не з’яўляюцца базай, адпраўной кропкай, але наступствам пэўных працэсаў. Гэта вынік, рэзультат, да якога мы павінна дайсці.

Спіс плёнаў Святога Духа апостал Павел пачынае ад самага вялікага – любові і заканчвае самым далёкім, апошнім, найменьшым – валоданнем сабой. У нашых разважаннях мы пачнем ад самага маленькага, каб адразу не кідацца ў самае полымя – у найважнейшыя і найбольш грунтоўныя аргументы, якія тычацца гэтай тэмы.

Аргумент валодання сабой, цікавы і важны. На грэцкай мове плён Святога Духа – “валоданне сабой” гучыць як “энкратэя”. Унутры гэтага слова, ёсць слова “кратос”. Нам усім добра вядома слова “бюракрат”, што можа азначаць “уладу”, “мець уладу”, адным словам, “валодаць”.

Узнікае пытанне: навошта патрэбна валоданне сабой? У сённяшнім свеце гэта паняцце гучыць крыху недарэчна, антыпатычна, нямодна. Сёння папулярна быць спантанным, рабіць тое, што прыходзіць на розум, не стрымліваць сябе, вызваляцца ад усялякіх абмежаванняў. Кс. Фабіо прапануе адзін прыклад: калі хочаш купіць машыну, ты кантралюеш многія рэчы: кошт, дызайн, матор. І ты будзеш неразумным, калі не звернеш увагі на тармазы, хоць яны не адпавядаюць непасрэдна за язду. Яны служаць для таго, каб спыняцца. Той, хто не звяртае ўвагі на іх эфектыўнасць – проста ненармальны. Ён робіць усё, каб апынуцца ў аварыі. Жыць без тармазоў, азначае ехаць насустрач здарэнню, нішчыць важныя рэчы ў жыцці.

Валоданне сабой – мастацтва мець кантроль над уласным быццём. Аднак, тут мы можам знайсці і іншы фенамен цалкам чужы хрысціянству. У нашай сучаснай культуры дамінуе мастацтва так званай “палітычнай карэктнасці” – г.зн., ніколі не хвалявацца, развіваць “self control” (“кантроль над уласнымі эмацоямі”). Зараз мы паспрабуе прааналізаваць такое захаванне ў святле дару Святога Духа, аб якім вядзем размову.

Хрысціянства зарадзілася ў асяродку, дзе не было прымітыўных людзей. Там былі людзі эліністычнай культуры, мысляры і мудрацы найлепшыя ў гісторыі. Для іх валаданне сабой было пэўным крэда, аб чым нам кажуць шматлікія тэксты, напрыклад філосафа Сакрата. Валоданне сабой, як тып кантроля, улады на самім сабой, разумелася грэкамі як самакіраванне, якое было цесна звязана з уласным дабрабытам. Мець кантроль над уласнымі эмоцыямі, азначае мець здольнасць быць лепшым, лепш кіраваць уласным жыццём, уласнымі апетытамі. Але гэтае захаванне цалкам звязана з уласным “эга”. Гэта культура ветлівасці, спакою, неаргэсіўнасці у адносінах да іншых, сёння лічыцца вельмі еўрапейскай, моднай. Але, на самой справе з’яўляецца дыстанцыраваннем ад іншага.

Мы вельмі часта забываемся, што хрысціянства звяртаецца да чалавека гарачага. Пан Езус быў вельмі гарачым. Ён быў чалавекам, які нават мог дазволіць сабе разгневацца. Такім чынам хрысціянскае разуменне “валодання сабой” адрозніваецца ад таго, што прапануе сучаснае тлумачэнне гэтага паняцця.

Паважаныя радыёслухачы, на наступным тыдні мы працягнем размаўляць аб плёне Святога Духа “валодання сабой”.








All the contents on this site are copyrighted ©.