2011-07-27 12:22:36

Апостальская Сталіца і Малайзія ўстанавілі дыпламатычныя адносіны


RealAudioMP3 “Апостальская Сталіца і Малайзія, напоўненыя жаданнем спрыяць узаемнаму сяброўству, вырашылі заключыць дамову аб устанаўленні дыпламатычных адносін на ўзроўні Апостальскай Нунцыятуры з боку Святога Пасаду і пасольства з боку Малайзіі”, - гаворыцца ў паведамленні Залі Друку Апостальскай Сталіцы, распаўсюджаным 27 ліпеня.

Малайзія стала 179 краінай, якая ўстанавіла дыпламатычныя адносіны з Апостальскай Сталіцай. У паўднёва-усходняй частцы Азіі, яна з’ўляецца наступнай пасля Усходняга Тымору, дыпадносіны з якім былі ўстаноўлены ў 2002 г.

У Малайзіі пражывае каля 28,5 млн. чалавек, большасць з якіх з’яўляецца вызнаўцамі іслама (каля 60%). Акрамя таго, у гэтай краіне пражываюць будысты, індуісты, вызнаўцы народных кітайскіх вераванняў і анімісты. Хрысціяне займаюць трэццяе па колькасці месца сярод жыхароў Малайзіі і складаюць каля 9% насельніцтва.

Каталіцкі Касцёл прысутны на тэрыторыі сучаснай Малайзіі з 1511 г., калі першыя партугальскія місіянеры прыбылі ў горад Малакка. У 1545 г. тут прапаведваў св. Францішак Ксаверый. Сёння Касцёл у Малайзіі аб’яднаны ў 9 дыяцэзіі, дзе нясе паслугу 11 біскупаў, каля 700 святароў і законнікаў. Католікі складаюць 3% насельніцтва краіны (850 720 чалавек). Касцёл у гэтай азіяцкай краіне вельмі актыўны. Ён займаецца шырокай евангелізацыйнай дзейнасцю, асабліва сярод сем’яў і моладзі. Акрамя таго, моцнай з’яўляецца пазіцыя Касцёла ў сацыяльнай сферы: у барацьбе з беднасцю, спрыянні міру паміж рэлігіямі, абароне правоў чалавека.

На дыпламатычным узроўні Святы Пасад у краіне быў прадстаўлены на ўзроўні Апостальскай Дэлегатуры, якая была заснавана ў 1969 г для Лаоса, Малайзіі і Сінгапура. У 1981 г. яна была рэарганізавана ў Апостальскую Дэлегатуру ў Лаосе і Малайзіі, а ў 1983 г. былі створаны дзве асобныя: для Малайзіі і Брунэі, а таксама для Лаоса. Нарэшце ў 1998 г. была заснавана Апостальская Дэлегатура ў Малайзіі, якая дзейнічала да сённяшняга дня.

Кантакты паміж Малайзіяй і Апостальскай Сталіцай пачалі актыўна развівацца ў 2002 г., калі папа Ян Павел ІІ прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра гэтай краіны Махаціра бэн Махамада. Гэта была першая ў гісторыі сустрэча малайзійскага лідэра з Пантыфікам. У 2005 г. урад Малайзіі скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю Яна Паўла ІІ і дэлегацыю для ўдзелу ў пахаванні Папы. У 2005 г. арцыбіскуп Джаванні Лаёла, Сакратар па адносінах з дзяржавамі, прысутнічаў на святкаваннях 50-годдзя малайзійскай архідыяцэзіі Куала-Лумпур. Нарэшце, 18 ліпеня 2011 г. Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі цяперашняга прэм’ер-міністра краіны Наіба Бэн Абдул Разака. Тады і была асягнута дамоўленасць аб устанаўленні дыпламатычных адносін.







All the contents on this site are copyrighted ©.