2011-07-26 13:23:33

Індыя: хрысціяне і мусульмане абвясцілі галадоўку


RealAudioMP3 Хрысціяне і мусульмане даліты індыйскага Нью Дэлі пачалі трохдзённую галадоўку, патрабуючы змены так званага правіла "недатыкальных" у прававой сістэме Індыі. Да пратэсту заклікалі таксама Каталіцкі Касцёл і экуменічная "Нацыянальная рада Цэркваў Індыі". У галадоўцы прымае ўдзел таксама арцыбіскуп Дэлі Вінцэнт Майкл Кончэссао. Каля 170 млн. з 1,2 млрд. індыйцаў складаюць даліты, якія лічацца ніжэйшай сацыяльнай кастай.

Касмон Аракіярай, адказны сакратар камісіі па справах далітаў у біскупскай канферэнцыі Індыі, назваў сацыяльную дыскрымінацыю гэтай касты "сістэмай прыгнёту". Чакаецца, што ў маршы пратэсту да індыйскага парламенту, запланаваным на чацвер, прыме ўдзел больш за 10 тыс. чалавек. Сярод іх – 15 біскупаў і больш за 300 святароў, паведаміў Аракіярай.

Хрысціянскія і мусульманскія даліты жадаюць далучэння да сацыяльных класаў, якія маюць магчымасць удзельнічаць у эканамічным і сацыяльным развіцці краіны. Да гэтага часу сістэма дазваляе гэта толькі індуісцкім далітам, і так званым "недатыкальным", гэта значыць: будыстам і сікхам, хрысціяне і мусульмане не маюць такой магчымасці.

Больш за 80% з 1,2 млрд. індыйцаў належаць да індуізму. Колькасць хрысціян складае каля 23 млн., сярод іх найбуйнейшай канфесіяй з'яўляецца каталіцызм. Каля 13% жыхароў Індыі належыць да ісламу. 170 млн. далітаў лічацца ніжэйшым сацыяльным класам. У некаторых частках Індыі, хрысціянскіх і мусульманскіх далітаў улады прымушаюць пераходзіць у індуізм.







All the contents on this site are copyrighted ©.