2011-07-25 14:23:17

Арцыбіскуп Кандрусевіч: кардынал Свёнтэк – неардынарны чалавек, жывы мучанік і сведак веры


RealAudioMP3 Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім казанні падчас пахавальнай св. Імшы ў Пінску, адзначыў выключную ролю, якую Кардынал Свёнтэк адыграў на ўсіх этапах існавання Каталіцкага Касцёла ў Беларусі за апошнія 80 год. “Так было ў час, калі ён пачуў голас паклікання да святарства; - адзначыў арцыбіскуп - калі з надзеяй распачаў святарскае служэнне; калі знаходзіўся ў камеры смерці ў брэсцкай вязніцы і смерць заглядала ў вочы; калі вайна несла разруху і знішчэнні, і адбірала надзею; калі знаходзіўся ў лагерах; калі трэба было нанава распачынаць служэнне ў пінскай катэдры, якая доўгі час заставалася без святара, і аднаўляць яе; калі трэба было духоўна адраджаць высахлыя ў часы атэізацыі чалавечыя душы, падобна як высахлыя пінскія балоты пасля неабдуманых працэсаў меліярацыі; калі напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прыйшла новая надзея; калі трэба было распачаць біскупскае служэнне ва ўзросце 77 гадоў; калі благаслаўлёны Ян Павел II за вернасць, сведчанне і ахвярнае служэнне прызначыў яго першым у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі кардыналам; калі трэба было адбудоўваць касцёльныя структуры, мінскую катэдру, семінарыю ў Пінску; калі трэба было правесці Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, калі ўжо падчас свабоды веравызнання прыйшлі новыя выклікі секулярызму”, - нагадаў Мітрапаліт Кандрусевіч падзеі жыцця памерлага кардынала.

Арцыбіскуп адзначыў выключнасць іерарха як чалавека. “Сёння мы стаім над труною памерлага кардынала Казіміра Свёнтка і ўспамінаем яго як неардынарнага чалавека, жывога мучаніка і сведка веры, таленавітага пастыра, здольнага арганізатара, знакавую фігуру нашага часу. - адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч - У Пінску – горадзе, які ён вельмі любіў, дзе атрымаў святарскае пасвячэнне і біскупскую сакру і дзе правёў большую частку свайго жыцця, завяршаецца яго зямны шлях. Для яго ўжо завяршыўся час, гадзіннік яго жыцця стаў, але засталася вечнасць. Застаўся дом нябеснага Айца, да якога ішоў усё сваё доўгае, багатае і адначасова вельмі трагічнае жыццё і да якога на працягу свайго 72-гадовага святарскага служэння вёў людзей”.

“Мы верым, - сказаў арцыбіскуп - што нішто ў нашым жыцці не з’яўляецца выпадковым, што Бог кіруе жыццём кожнага з нас”. “Сёння, у дзень пахавання кардынала Казіміра Свёнтка, мы ўсё больш і больш усведамляем яго веліч як сведка веры і добрага пастыра. Адыйшоў да Бога чалавек, верны Богу і Касцёлу, чалавек, адкрыты на сучасны свет і яго праблемы, чалавек, які добра ведаў, што сучасны свет патрабуе новага выканання місіі Хрыста – ісці і навучаць, навучаць, нават калі б і здавалася, што сучасны свет не прымае гэтага навучання. Адным словам, у сваім вельмі шаноўным узросце ён імкнуўся да новай евангелізацыі, да якой так моцна заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II і якую рэалізуе Бэнэдыкт XVI”, - нагадаў арцыбіскуп. Паводле яго слоў, у гэтым была веліч кардынала і адначасова скарб для Касцёла.

На заканчэнне Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся з вельмі асабістымі словамі да кардынала Свёнтка: “За ўсё гэта, і не толькі, мы сёння схіляем свае галовы перад табою, дзякуем табе і перапрашаем за магчымыя непаразуменні. Дзякуем Богу, што даў Касцёлу ў Беларусі і паўсюднаму Касцёлу такога правідэнцыяльнага пастыра”.







All the contents on this site are copyrighted ©.