2011-07-24 12:40:11

Бэнэдыкт XVI: быць адкрытым на праўду і ўважлівым да справядлівасці


RealAudioMP3 Сённяшняе разважанне перад малітвай "Анёл Панскі" Бэнэдыкт XVI прысвяціў неабходнасці слухання голаса сумлення, голаса праўды, каб адрозніваць добро ад зла. “Неабходна працаваць над сваім сумленнем, каб яно было заўсёды адкрытым на праўду і ўважлівым да справядлівасці, каб служыць Божаму Валадарству”, сказаў сабраным у Кастэль Гандольфа вернікам Святы Айцец.

"Дарагія браты і сёстры!

Чытанне са Старога Запавета, якое мы пачулі падчас сённяшняй літургіі, прадстаўляе нам асобу караля Саламона, сына і наступніка Давіда. Мы бачым Саламона на пачатку яго панавання, калі ён быў яшчэ зусім маладым. Саламон унаследаваў вельмі важнае заданне і адказнасць, якая цяжарам лягла на плечы маладога уладара. На пачатку ён прынёс Богу вельмі каштоўную ахвяру – “тысячы целаспаленняў”, як кажа Біблія. Тады Пан адкрываецца перад ім падчас начной візіі і абяцае даць яму тое, аб чым ён прасіў у сваіх малітвах. І тут праяўляецца веліч душы Саламона: ён не просіць аб доўгім жыцці, багацці, знішчэнні ворагаў; але кажа Пану: “Зрабі твайму слузе паслухмянае сэрца, каб быў здольным чыніць справядлівасць для Твайго народа і адрозніваць дабро ад зла”. І Пан выслухаў яго. Так Саламон стаў вядомым ва ўсім свеце сваёй мудрасцю і прынятымі рашэннямі.

Аднак, Саламон прасіў Бога зрабіць яму “паслухмянае сэрца”. Што азначае гэты выраз? Мы ведаем, што сэрца ў Бібліі не азначае толькі частку цела, але цэнтр асобы, крыніцу яе жаданняў і меркаванняў. Можна назваць гэта сумленнем. “Паслухмянае сэрца” азначае, у такім выпадку, сумленне здольнае слухаць, уважлівае да голасу праўды, і таму здольнае адрозніваць дабро ад зла. У выпадку Саламона, просьба была матывавана адказнасцю весці нацыю, Ізраэль, народ, які Бог выбраў, каб паказаць свету свой план збаўлення. Кароль Ізраэля, таму, павінен быў імкнуцца жыць у гармоніі з Богам, слухаючы Божае Слова, каб весці народ шляхамі Пана, шляхамі справядлівасці і міра. Прыклад Саламона падыходзіць кожнаму чалавеку. Кожны з нас мае сумленне, неабходнае для таго, каб быць, у нейкім сэнсе “каралём”, г.зн., выкарыстоўваць веліч чалавечай годнасці, якая заключаецца ў тым, каб дзейнічаць згодна з сумленнем, робячы дабро і знішчаючы зло. Маральнае сумленне ўключае ў сябе здольнасць слухаць голас праўды, быць паслухмяным яе ўказанням. Асобы, пакліканыя да задання кіраваць, маюць асаблівую адказнасць, і таму, як навучае Саламон, маюць большую патрэбу ў Божай дапамозе. Але кожны мае ўласнае заданне, у залежнасці ад сітуацыі ў якой знаходзіцца. Памылковая ментальнасць прымушае нас прасіць у Бога рэчы якія нам здаюцца карыснымі; але ў рэальнасці, сапраўдная якасць нашага жыцця, а таксама жыцця грамадскага залежыць ад сумлення кожнага, здольнасці кожнага і ўсіх распазнаваць дабро, аддзяляючы яго ад зла, і з цярплівасцю спрабаваць ажыцяўляць яго.

Таму, папросім дапамогі найсвяцейшай Панны Марыі, Крыніцы Мудрасці. Яе “сэрца”, з’ўяляецца дасканала паслухмяным воле Пана. Будучы асобай пакорнай і простай, Марыя з’яўляецца каралевай у вачах Бога, і такой мы яе ушаноўваем. Святая Панна дапамажы нам, з Божай ласкай, працаваць над сваім сумленнем, каб яно было заўсёды адкрытым на праўду і уважлівым да справядлівасці, каб служыць Божаму Валадарству".

Пасля разважання Святы Айцец адзначыў, што нажаль працягваюць паступаць навіны аб смерці і гвалце. “Мы перажываем вялікі боль, у сувязі з тэрарыстычнымі актамі, якія адбыліся ў пятніцу ў Нарвегіі”, - сказаў Папа. Пантыфік заклікаў да малітвы за ахвяраў, параненых і ўсіх іх блізкіх. “Я хачу паўтарыць усім яшчэ раз, што неабходна назаўсёды сыйсці са шляху нянавісці і пазбегнуць логікі зла”, заклікаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.