2011-07-23 14:00:26

Іерусалімскі Патрыярхат вітае абмеркаванне ААН палестынскай дзяржаўнасці


RealAudioMP3 Дыскусія, якая адбудзецца ў ААН на тэму магчымасці стварэння палестынскай дзяржавы, на думку Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма, з’яўляецца псіхалагічна важнай. Гэта сур’ёзны крок, нават, калі ўлічваць тое, што хутчэй за ўсё рэкамендацыя не атрымае адабрэння Савета Бяспекі праз вета, якое прагучыць з боку Злучаных Штатаў і Ізраіля, заявіў сёння дапаможны біскуп Іерусаліма Уільям Шомалі. Але, на яго думку, вялікая колькасць галасоў у падтрымку рэкамендацыі паўздзейнічае станоўча і ўмацуе палестынцаў. Савет Бяспекі ААН зоймецца гэтым пытаннем у аўторак, 26 ліпеня.

На думку біскупа Шомалі, вырашальным у дадзенай сітуацыі з'яўляецца не неабходнасць стварыць дзяржаву, але ўмовы для гэтага. "Усё чалавецтва хоча палестынскай дзяржавы, нават ізраільцяне. Але пытанне ў тым, у якіх межах і калі", - заявіў ён.

Для палестынскіх хрысціян абвяшчэнне незалежнай дзяржавы стала б рэалізацыяй "патрыятычных пачуццяў", сказаў іерарх. Хоць у новай краіне, яны павінны былі б змагацца за сваё месца ў ёй. Таму, у іх інтарэсах ляжыць стварэнне свецкай дзяржавы. Хрысціяне знаходзяцца ў парадаксальнай сітуацыі, "калі не ведаеш, што адбудзецца са стварэннем дзяржавы, але ўсё адно, працягваеш змагацца за гэта", - сказаў біскуп Шомалі.







All the contents on this site are copyrighted ©.