2011-07-23 15:40:03

Мінск развітаўся з кардыналам Свёнткам


RealAudioMP3 Некалькі тысяч чалавек прыйшлі 23 ліпеня ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, каб развітацца з кардыналам Казімірам Свёнткам, які памёр 21 ліпеня на 97-м годзе жыцця.

Св. Імшу, якую узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай Дыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі: арцыбіскуп Вільнюскі кардынал Ёзас Бачкіс, Ардынарый дыяцэзіі св. Юзэфа ў Іркуцку біскуп Кірыл Клімовіч, дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Ян Сабіла, увесь каталіцкі епіскапат Беларусі, святары ўсіх дыяцэзій, законнікі і законніцы. У ліку тых, хто наведаў пахавальныя ўрачыстасці, былі дыпламаты і прадстаўнікі ўлады на чале з першым намеснікам Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Радзьковым, яны ўсклалі вянок ад кіраўніка дзяржавы. Беларускую Праваслаўную Царкву прадстаўляў епіскап Барысаўскі Веніамін, вікарый Мінскай епархіі.

“Я асабіста ведаў яго не адно дзесяцігоддзе, гэта быў неардынарны чалавек, пасланы нам Богам”, - адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч. “Кардынал Свёнтэк –знакавая фігура для Беларусі. На яго жыццё выпала нямала пакут, аднак заўсёды галоўнай яго ідэяй была вернасць Богу. Гэты чалавек умеў жыць надзеяй нават тады, калі здавалася, што надзеі быць не можа. І вясна ў яго жыцці наступіла, яна прыйшла ў жыццё ўсяго беларускага грамадства ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў, калі яго стыль, яго эрудыцыя, яго імкненні былі прызнаны. Свёнтэк стаў першым кардыналам ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Яго пастырскі ініцыятывы былі вельмі важныя ў яго развіцці. Ён заўсёды ўмеў знайсці неабходныя словы і ўмеў аб'яднаць вакол сябе зусім розных людзей. Нягледзячы на свой узрост, ён змог захаваць маладосць і сілу духа”, - цытуе словы арцыбіскупа Кандрусевіча “Белта”.

Жалобная св. Імша ў мінскай архікатэдры пачалася ў 13.00. На пачатку, часовы павераны ў справах Апостальскай Сталіцы ў Беларусі кс. Прэлат Крыспін Дубель прачытаў спачувальную тэлеграму, якую накіраваў папа Бэнэдыкт XVI у сувязі са смерцю беларускага кардынала.

Пасля св. Імшы ўсе жадаючыя маглі памаліцца ля труны памерлага і пакінуць запіс у кнізе спачуванняў.

Труна з целам іерарха будзе заставацца ў архікатэдральным касцёле да вечара. Затым цела перавязуць у Пінск, дзе 25 ліпеня ў 12.00 на плошчы ля катэдральнага касцёла пачнуцца пахавальныя ўрачыстасці. Сваё прыбыццё на іх пацвердзіў арцыбіскуп Рыжскі на пенсіі кардынал Яніс Пуятс. Пахавальную св. Імшу ўзначаліць былы асабісты сакратар папы Яна Паўла II, арцыбіскуп Кракаўскі, кардынал Станіслаў Дзівіш, які добра ведаў кардынала Свёнтка.







All the contents on this site are copyrighted ©.