2011-07-23 13:18:31

ЗША заклікае Турцыю ставіцца з павагай да хрысціян


RealAudioMP3 Камітэт замежных спраў Вярхоўнай палаты Кангрэсу ЗША ухваліў рэзалюцыю, якая заклікае Турцыю ставіцца з належнай павагай да хрысціянскай спадчыны. Рэзалюцыя была прынята практычна аднагалосна – 43 галасы “за” і 1 “супраць”. Амерыканскія кангрэсмены заклікаюць Анкару спыніць рэлігійную дыскрымінацыю і парушэнне рэлігійных правоў у рэлігійнай і адукацыйнай сферах. У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да вяртання ранейшым уладальнікам-хрысціянам уласнасці.

Ініцыятарамі прыняцця рэзалюцыі выступілі рэспубліканец Эд Ройс і дэмакрат Говард Берман. Яны падкрэслілі, што Турцыя ўжо даўно з'яўляецца злосным правапарушальнікам рэлігійных свабод ва ўсім свеце.

Асаблівы водгук і радасць прыняцце рэзалюцыі выклікала ў грэцкай і армянскай супольнасцях амерыканскага грамадства. Шматлікія гады свет назірае, як прыходзіць у заняпад унікальная хрысціянская спадчына на тэрыторыі Турцыі. Асцярогі выклікаюць падзеі, якія адбываюцца на тэрыторыі Турэцкай Рэспублікі, у паўночнай частцы вострава Кіпр. За 37 гадоў акупацыі паўночнага Кіпра застаецца невядомым лёс тысяч зніклых людзей.

Архіепіскап Кіпрскі Хрызастом II усімі сіламі змагаецца за аднаўленне свабоды на турэцкай частцы вострава. У сакавіку гэтага года ён стаў ініцыятарам адпаведнага пазову ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Члены незалежнай камісіі, якія прыбылі на Кіпр для расследавання справы, былі затрыманы турэцкімі ўладамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.