2011-07-22 12:41:55

“L’Osservatore Romano” прысвяціла вялікі артыкул кардыналу Свёнтку


RealAudioMP3 У сённяшнім нумары ватыканскага выдання “L’Osservatore Romano” змешчаны вялікі артыкул прысвечаны памерламу ўчора кардыналу Казіміру Свёнтку. “Дрэва непахіснае ў хвіліну шторма”, “ікона постсавецкага каталіцызму”, “сімвал адраджэння Касцёла і надзеі”, “моцны сведак Хрыста” - такім беларускія католікі памятаюць кардынала Свёнтка”, - піша ватыканскае выданне.

“Каб зразумець кардынала неабходна памятаць аб адвазе яго бацькоў Яна і Веранікі, якія далі яму першую хрысціянскую адукацыю, негледзячы на небяспеку, што прынесла рэвалюцыя 1917 г. - адзначаецца ў артыкуле - Ахрышчаны ў Рызе, у Латвіі, ён меў толькі тры гады калі яго сям’я была дэпартавана ў Сібір”. “Савецкі Саюз у гады Сталіна быў нічым іншым як вялікім ГУЛАГам, бясконцай агароджай з калючага дроту. Я меў толькі некалькі месяцаў нармальнага святарскага жыцця, аб якім пішуць у падручніках па пастаральнай тэалогіі”, - цытуе словы кардынала “L’Osservatore Romano”. Ватыканскае выданне распавядае, аб пераследах, якія перажыў беларускі іерарх, аб двухмесячным прабыванні ў камеры “смяротнікаў” у Брэсце, аб гадах вайны, сталінскіх лагерах, пастрырскай дзейнасці ў часы камуністычнай дыктатуры і адраджэнні Касцёла ў Беларусі.

“Ён меў 80 гадоў калі Ян Павел ІІ зрабіў яго кардыналам, а праз дзесяць гадоў, ён асабіста ўручыў беларускаму іерарху прэмію “Fidei testis” (“Сведак веры”)”, - адзначаецца ў артыкуле. “Аб ім кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ, у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” ў чэрвені 2008 г. сказаў: “Гэты вялікі старац, які шмат пакутаваў у жыцці, працягвае працаваць з незвычайнай моцай; працаваць як апостал, рэалізуючы пастырскія задумы з уражваючым запалам”, - узгадваецца ў ватыканскім выданні.







All the contents on this site are copyrighted ©.