2011-07-22 15:20:29

“Homo caritatis”. Чалавечае вымярэнне працы


RealAudioMP3 Мы працягваем размаўляць аб ролі хрысціяніна ў палітыцы і грамадскай дзейнасці. У мінулых праграмах мы разглядзелі розныя сферы, на якія звяртае ўвагу Сацыяльнае навучанне Касцёла. Мы гаварылі аб абавязку абараняць права чалавека на жыццё, інстытут сям’і, магчымасць выбіраць форму адукацыі для сваіх дзяцей без умяшальніцтва дзяржавы, свабоду веравызнання. Сёння мы пагаворым аб чалавечай працы. Гэта сфера таксама з’яўляецца важнай для палітыка.

У нашых папярэдніх праграмах ужо была размова аб чалавечай працы ў кантэксце аналізу энцыклікі Яна Паўла ІІ “Laborem exercens” (“Выконваючы працу”) і Кампендыўма сацыяльнага навучання Касцёла. Сёння мы паглядзім яшчэ раз на каштоўнасць чалавечай працы, але ў кантэксце дзейнасці палітыка.

Праца – гэта actus personae

Па-першае важна адзначыць, што чалавечая праца з’яўляецца асабістым і сямейным абавязкам, а таксама адказам на пакліканне. Права чалавека на працу, паходзіць з самой прыроды працы. Яна не толькі тлумачыцца тэхнічным бачаннем працы, але разуменнем працы, як – actus personae – г.зн., працэсу, у якім удзельнічае ўся чалавечая асоба, ва ўсіх яе вымярэннях. Падзел працы, напрыклад, на ручную і інтэлектуальную з’яўляецца незадавальняючым ў спробе адказаць на пытанне аб яе прыродзе. У цэнтры размовы аб працы павінна стаяць яе годнасць, бо працу выконвае чалавек.

Пакажы як ты працуеш, і я скажу – хто ты

Пры парцыяльным, рэдукцыйным разуменні годнасці працы можа ўзнікнуць небяспека. Мы можам падумаць: Касцёл кажа, што праца каштоўная сама па сабе, бо яе робіць чалавек. Але гэта не азначае, што працаўнік не павінен клапаціцца аб якасці сваёй працы. Для таго, каб быць добрым працаўніком, неабходна быць добрым чалавекам. У сваю працу чалавек укладае ўсяго сябе: свае цноты, час, вопыт, бачанне свету, чалавечыя якасці. З іншага боку, сама праца ўплывае на выхаванне цнотаў у чалавеку. Такое разуменне працы грунтуецца на хрысціянскім бачанні кожнай чалавечай дзейнасці. Любая дзейнасць, уключаючы працу, мае два вымярэнні: з аднаго боку, яна дае пэўны прадукт, а з іншага, з’яўляецца выразам таго, кім мы хочам быць. Гэта тычыцца кожнай дзейнасці чалавека. Напрыклад, перад тым, як скрасці нейкую рэч, трэба спытаць самога сябе: “ці я хачу быць злодзеем?”. Гэта адносіцца і да працы: “ці я хачу быць добрым работнікам, ці не?”

Чалавек можа сам вырашыць, як яму падыходзіць да працы, як ставіцца да яе і такім чынам, вызначыць кім ён з’яўляецца. Такі выбар патрабуе адказнасці і ўнутранай сталасці, свядомасці таго, што праца патрабуе намаганняў і самаахвяравання. Кожны чалавек, дзейнічае згодна з тым, кім ён з’яўляецца: хто з’яўляецца чалавекам, дзейнічае як чалавек. Можна таксама сказаць – наша прырода залежыць ад таго, як мы дзейнічаем. У працу чалавек укладае ўсяго сябе, ва ўсіх сваіх вымярэннях. У працы праяўляюцца чалавечыя якасці: сіла, справядлівасць, дакладнасць, адвага, здольнасць рызыкаваць. Кожная праца патрабуе ўнутранай дысцыпліны.

Праца – крыніца салідарнасці

Яшчэ адным важным аспектам чалавечай працы з’яўляецца яе камунітарны характар. Іншымі словамі, мы працуем заўсёды з іншымі і для іншых. Не існуе працы цалкам індывідуальнай. Праца па сваёй прыродзе рэч сацыяльная, і менавіта таму Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы “Laborem exercens” (“Выконваючы працу”), кажа што праца, гэта ключ усіх сацыяльных праблем. Праца ахоплівае ўсяго чалавека і блізка злучае яго з іншымі людзьмі – гэта праца над сваёй чалавечнасцю. З апорай на гэта, можна сказаць, што мы ўсе выконваем адну і тую ж працу.

Канешне, з пункту гледжання разумення працы як вытворчасці, мы выконваем розныя заданні, але разумеючы працу як шлях гуманізацыі чалавека, і перш за ўсё, разумеючы працу як дзейнасць з іншымі і для іншых, мы ўсе робім тое ж – імкнемся быць больш чалавечымі. Гэта з’яўляецца фундаментам салідарнасці людзей працы, якую падтрымлівае Каталіцкі Касцёл. Тое, што робіць работнікаў больш блізкімі і салідарнымі, гэта не “агульны вораг”, як у камуністычнай ідэалогіі, але агульнае заданне, якое людзі выконваюць праз працу. Напрыклад, паглядзім на людзей, якія працуюць у адной установе: нашмат глыбейшае адзінства паміж імі ствараецца, калі яны разумеюць месца сваёй працы, як месца, дзе яны становяцца больш і больш людзьмі.

Сям’я – школа працы

Асабістыя і сацыяльныя аспекты працы становяцца яшчэ больш зразумелымі ў сувязі з сям’ёй. Кожны палітычны дзеяч павінен памятаць аб гэтым. Працоўныя і сямейныя адносіны вельмі блізкія. Перш за ўсё, праца неабходна не толькі, каб падтрымліваць працаўніка, але і яго сям’ю. Па другое, у сям’і вучацца працаваць: сям’я – гэта першая школа працы.

Гэта актуальна і ў сённяшнія часы, калі дзеці не абавязкова выконваюць тую ж працу, што і бацькі. У сям’і вучацца асноўным чалавечым цнотам, якія рэалізуюцца ў працы. Усе сацыялагічныя даследаванні кажуць, што недахоп выхавання ў сям’і, праяўляецца ў праблемах з працай. Чалавек добра выхаваны і адукаваны ў сям’і, рэалізоўвае потым свае якасці на працы. І таму важна, каб праца і сям’я былі звязаны паміж сабой і прыносілі плёны для ўсяго грамадства. Хрысіцянін у палітыцы павінен быць свядомым такой логікі рэчаў і у сваёй дзейнасці спрыяць яе захаванню і нармальнаму функцыянаванню.








All the contents on this site are copyrighted ©.