2011-07-21 14:52:40

Пахавальныя ўрачыстасці ў Пінску ўзначаліць кардынал Дзівіш


RealAudioMP3 “Пахавальныя ўрачыстасці кардынала Казіміра Свёнтка, што распачнуцца 25 ліпеня ў 12.00 ў пінскай катэдры, узначаліць кардынал Станіслаў Дзівіш, Мітрапаліт Кракаўскі, былы асабісты сакратар папы Яна Паўла ІІ, які добра ведаў памерлага беларускага іерарха”, - расказаў у інтэрв’ю нашаму радыё арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі адзначыў, што доўгі час працаваў разам з кардыналам Свёнткам і яму выпаў гонар кансэкраваць яго на біскупа. “Гэта была знакавая фігура для Каталіцкага Касцёла нашых часоў. Ён быў першым прызначаным Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам, яму давялося адраджаць Касцёл у Беларусі, адраджаць яго структуры: ён адрадзіў Духоўную семінарыю у Пінску, заснаваў Катэхетычны каледж у Баранавічах, здзейсніў шмат іншых спраў”, - расказаў іерарх. Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў аб тым, што кардынала Свёнтка вельмі цаніў папа Ян Павел ІІ: “Я памятаю як гарэлі вочы Пантыфіка, калі ён размаўляў з кардыналам Свёнткам”, - узгадаў арцыбіскуп. Арцыбіскуп распавёў, што падчас яго апошняй сустрэчы з папам Бэнэдыктам XVI, Святы Айцец найперш спытаўся аб здароўі кардынала. “Сёння мы ўдзячныя Богу, што мелі такога чалавека і просім аб Божай Міласэрнасці, просім, каб Бог прыняў свайго вернага слугу ў Валадарства Нябеснае”, - сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Гаворачы аб пахавальных мерапрыемствах іерарх адзначыў, што ў суботу 23 ліпеня труна з целам кардынала будзе перавезена ў Мінск. “У 13.00 у Мінскай архікатэдры будзе цэлебравацца развітальная св. Імша, у якой прымуць удзел шматлікія святары і біскупы. Цела памерлага іерарха застанецца у катэдры да вечара. Пасля св. Імшы ў 18.30 яно будзе перавезена ў Пінск, у будынак духоўнай семінарыі, а ў другой палове дня 24 ліпеня будзе перанесена ў Пінскую катэдру. Там 25 ліпеня ў 12.00 пачнуцца пахавальныя ўрачыстасці, якія ўзначаліць кардынал Станіслаў Дзівіш з Кракава, былы асабісты сакратар папы Яна Паўла ІІ”, - расказаў у інтэрв’ю нашаму радыё Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.







All the contents on this site are copyrighted ©.