2011-07-21 10:28:26

Беларусь: кардынал Свёнтэк завяршыў зямную пілігрымку


RealAudioMP3 21 ліпеня 2011 г., каля 9 гадзіны раніцы на 97-ым годзе жыцця адышоў у вечнасць кардынал Казімір Свёнтэк. Сэрца іерарха спынілася ў пінскай бальніцы, дзе ўрачы з 10 сакавіка змагаліся за яго жыццё. Па словах адказнага за СМІ пры Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрыя Жэгарына, пахавальныя ўрачыстасці кардынала пройдуць 25 ліпеня ў пінскай катэдры. Развітанне з памерлым іерархам пройдзе таксама 23 ліпеня ў Мінску.

У 2010 г. кардынал атрымаў траўму шыйкі сцягна, а затым перанёс некалькі хірургічных аперацый. Стан яго здароўя значна пагоршыўся 10 сакавіка. З таго часу іерарх прабываў ў рэанімацыйным аддзяленні пінскай бальніцы.

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у эстонскім горадзе Валга. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. ён атрымаў святарскае пасвячэнне і быў скіраваны на працу ў Пружаны. Падчас камуністычнага пераследу быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. кс. Свёнтэк зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў. Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён стаў працаваць у Пінску.

21 мая 2011 г. споўнілася 20 гадоў біскупскага служэння кардынала Казіміра Свёнтэка, якое ён пачаў ва ўзросце 77 гадоў. У 1991 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. У 1994 г. іерарх стаў першым беларускім кардыналам з 1798 г.

14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, якое кардынал Казімір Свёнтэк прадстаўвіў у адпаведнасці з кан. 401, § 1 Кодэкса Кананічнага Права. 30 чэрвеня 2011 г. Святы Айцец вызваліў іерарха з пасады Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі.

Вечны адпачынак дай яму, Пане!







All the contents on this site are copyrighted ©.