Касцёл у афраканскім
Беніне лічыць дні да запланаванага прыбыцця туды 18 лістапада папы Бэнэдыкта XVI,
- паведамляе сённяшняя "L'Osservatore Romano". Святы Айцец прыбудзе, каб даць Касцёлу
Афрыкі Апостальскую адгартацыю, якая стане падвядзеннем вынікаў ІІ Спецыяльнага пасяджэння
Сіноду Біскупаў для Афрыкі, якое праходзіла ў Рыме 4-25 кастрычніка 2009 г. пад назвай:
"Касцёл у Афрыцы на службе паяднанню і міру".
У падрыхтоўцы візіту з дзяржаўнымі
ўладамі супрацоўнічаюць Апостальская нунцыятура ў Беніне і епіскапат. Выбар гэтай
краіны для візіту Святога Айца звязаны з 150-й гадавінай пачатку евангелізацыі і 40-годдзем
устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Бенінам і Святым Пасадам (30 чэрвеня, 1971
г.).
У епіскапаце Беніну створаны камітэт, які займаецца пытаннямі прыняцця
гасцей і іх размяшчэння, транспарту, літургіі, СМІ, а таксама зборам сродкаў для пакрыцця
расходаў на правядзенне такога маштабнага мерапрыемства. Прадугледжваецца таксама
адкрыццё інтэрнэт-старонкі, якая дазволіць адсочваць падрабязнасці трохдзённага знаходжання
Папы ў краіне.
Акрамя таго, падрыхтавана даследаванне аб рэлігійнай сітуацыі
ў краіне. Аўтары выказваюць заклапочанасць з нагоды адсутнасці перакладаў Бібліі на
мясцовыя мовы, што спрыяе рэлігійнаму сінкрэтызму, маральнаму раскладанню і распаўсюджванню
сект. У той жа час, адзначаецца глыбокая рэлігійнасць народа, што вядзе да развіцця
рэлігійнага жыцця і ўдзелу Касцёла ў сферы адукацыі. Тым не менш, у рэлігійным жыцці
па-ранейшаму прысутнічаюць спасылкі на мясцовыя язычніцка-магічныя культы, страх перад
духамі і пракляццямі.
Католікі складаюць 24% сярод 8,5 млн. жыхароў Беніну.
Існуе дзесяць дыяцэзій, 312 парафій са шматлікімі маладымі пробашчамі. 224 бенінскія
святары працуюць за мяжой.