2011-07-19 16:32:55

Кс. Ламбардзі аб праблемах у ірландскай дыяцэзіі Клойн


RealAudioMP3 13 ліпеня было апублікавана паведамленне спецыяльнай камісіі адносна сексуальнага выкарыстання дзяцей некаторымі святарамі ў ірландскай дыяцэзіі Клойн. З гэтай нагоды, Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі адзначыў, што Камісія даследавала нядаўнія факты злачынстваў, якія былі здзейснены ў 1996-2009 г.г.

Улады Ірландыі накіравалі копію гэтага рапарту ў Рым праз Апостальскага нунцыя ў краіне, просячы адказу з боку Святога Пасаду. “Трэба пачакаць, пакуль Апостальская Сталіца зробіць свае каментары і дасць адказы ў адпаведнай форме і ва ўстаноўлены тэрмін”, - адзначыў кс. Ламбардзі.

Ён нагадаў, што ў 2009 г. Святы Айцец запрасіў у Ватыкан каталіцкіх біскупаў Ірландыі, каб разам з імі абмеркаваць цяжкую сітуацыю Касцёла ў краіне ў сувязі з сексуальным выкарыстаннем непаўналетніх некаторымі святарамі з Дублінскай архідыяцэзіі. Тады Бэнэдыкт ХVI адкрыта гаварыў пра “шок і сорам” з прычыны гэтых “цяжкіх злачынстваў”.

Пасля той сустрэчы, - нагадаў кс. Ламбардзі, - Папа накіраваў спецыяльны ліст да католікаў Ірландыі, у якім выказаў смутак з прычыны гэтых інцыдэнтаў і паведаміў, што асабіста ўдзельнічае ў цярпеннях ахвяр і іх сем’яў.

Апошнім часам у Ірландыю была скіравана спецыяльная камісія, якая наведала чатыры дыяцэзіі, семінарыі, манаскія ордэны, каб лепш пазнаёміцца з цяперашняй сітуацый ў краіне. На думку кс. Ламбардзі, трэба прызнаць рашучыя намаганні Апостальскай Сталіцы ў спробе нармалізацыі і аднаўлення жыцця ў Каталіцкім Касцёле Ірландыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.