2011-07-16 13:41:48

Фінансавы крызіс: Касцёл крытыкуе безадказнасць


RealAudioMP3 Бягучы фінансавы крызіс, які закрануў некалькі краін зоны еўра, на думку прадстаўнікоў Касцёла, быў справакаваны безадказнасцю гандлёвых устаноў і, не ў апошнюю чаргу, рэйтынгавых агенцтваў. Гэта "жудасна", сказаў бэнэдыктынскі аббат з Аўстрыі Ноткер Вольф, што лёс усёй эканомікі вырашаюць нейкія тры рэйтынгавыя агенцтвы. Трагедыі канкрэтных людзей у пацярпелых краінах, рэйтынгавыя аналітыкі ніколі не прымалі і не хочуць прымаць пад увагу.

З рэзкай крытыкай сучаснай эканамічнай логікі выступіў таксама Этторэ Гоццы Тэдэскі, прэзэс Інстытута рэлігійных спраў (ІОР). Ён заявіў аб поўным правале сённяшняй макраэканамічнай палітыкі. “Адказныя асобы страцілі пачуццё рэальнасці, агульнага дабра, так неабходныя для ўдалага кіраўніцтва”, - адзначыў Тэдэскі. На яго думку, калі б палітыкі ў дачыненні да свету фінансаў ўжывалі свой кіраўнічы патэнцыял больш рашуча, “сёння мы б не апынуліся ў сітуацыі жудаснай задоўжанасці”.

Тэдэскі называе прычыну палітычнай слабасці Еўропы. На яго думку, хоць і існуе Еўрапейскі Цэнтральны Банк, фінансавая палітыка рэгулюецца кожнай асобнай краінай самастойна. Не хапае сапраўднага органа “цэнтральнай фінансавай улады” у Еўропе. Толькі ў выпадку існавання такой структуры можна будзе “пралічыць рашэнні і добра запланаваць наступствы”, падагульніў свае вывады прэзэс Інстытута рэлігійных спраў.







All the contents on this site are copyrighted ©.