2011-07-16 16:12:45

Украіна: дзяржава хоча рэгуляваць паломніцкую сферу


RealAudioMP3 У Вярхоўнай Радзе Украіны зарэгістраваны праект закона “Аб паломніцтве”, які прадугледжвае рэгуляцыю сферы паломніцкіх паездак. Асноўнае новаўвядзенне, прадугледжанае ў дакуменце – стварэнне спецыяльных тураператараў, якія будуць займацца выключна арганізацыяй рэлігійных паездак, паведамляе ўкраінскі выпуск газеты “Коммерсант”.

Каб адкрыць такое агенцтва, яго капітал павінен складаць не менш за 20 тыс. еўра ў выпадку, калі кампанія будзе арганізоўваць паездкі за мяжу, і 10 тыс. еўра, калі паломніцтва будзе праводзіцца ў межах Украіны. Гэтыя сумы будуць неабходны для кампенсацый паломнікам ў выпадку непрадбачаных сітуацый: адмены паездкі, адсутнасці месцаў у гатэлі і г.д. Акрамя таго, закон прадугледжвае абавязковае страхаванне паломнікаў.

Ва Украінскай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату да дакумента паставіліся негатыўна. “Паломніцтва – гэта не турызм, таму займацца ім павінны выключна царкоўныя арганізацыі. Стварэнне нейкіх турфірм, выпустошвае само паняцце паломніцтва, якое прадугледжвае не толькі агляд славутасцяў, але і малітву”, - заявілі там. На думку прадстаўнікоў Царквы, гэты дакумент можа хіба што толькі паспрыяць развіццю “рэлігійнага турызму”, калі людзі проста ездзяць па вядомых рэлігійных месцах, не разумеючы іх значэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.