2011-07-13 16:54:13

“Homo caritatis”. Ці свецкасць - гэта нейтральнасць адносна рэлігіі?


RealAudioMP3 Мы працягваем нашыя разважанні аб ролі хрысціяніна ў палітычнай і грамадскай сферы. У мінулай праграме мы разважалі аб хрысціянстве як “солі” любой дзейнасці чалавека. Яно надае асаблівы “смак”, дае асаблівую моц і выводзіць чалавечую дзейнасць з эгаістычнага вымярэння ў вымярэнне служэння, незвычайнай прыгажосці адносінаў і крыжа. Мы ўбачылі ў чым заключаецца здаровая свецкасць – што, яна не варожая рэлігіі, але з’яўляецца наступствам разумення каштоўнасці рэлігіі для жыцця грамадства. Сёння мы працягнем разважанні над гэтай тэмай.

Існуюць меркаванні, што свецкасць – гэта нейтральнасць публічнай сферы адносна рэлігійных абсалютаў. Нібыта грамадская сфера, гэта тая частка жыцця людзей куды не павінны ўваходзіць рэлігійныя абсалюты. Для гэтага нібыта існуюць дзве прычыны: па-першае, таму што ў дэмакратыі няма месца для абсалютаў; а па-другое, таму што рэлігійныя абсалюты з’яўляюцца ірацыянальнымі, у той час, як грамадская сфера павінна дзейнічаць толькі на грунце рацыянальнай дыскусіі. У выніку, публічная сфера стварае месца іншым абсалютам, іншым бажкам, якія часта з’яўляюцца варожымі чалавеку.

Ці дэмакратыя несумяшчальна з абсалютнымі прынцыпамі?

Але давайце на пачатку паспрабуем прааналізаваць прынцыпы, аб якіх мы казалі: ці сапраўды дэмакратыя несумяшчальна з абсалютнымі прынцыпамі і ці сапраўды рэлігія з’яўляецца ірацыянальнай? Гэта не праўда, што абсалютныя прынцыпы па сваёй прыродзе з’яўляюцца гвалтоўнымі і прымусовымі. Наадварот. Недахоп абсалютнай кропкі апоры, абсалютных каштоўнасцяў, “што не абмяркоўваюцца”, абсалютных межаў нараджае барацьбу ўсіх супраць усіх. Ён стварае ўмовы для тых, хто мае больш сілы. Таму перад дэмакратыяй узнікае рэальная пагроза стаць сляпой сілай большасці. Каб так не было, неабходна, каб грамадзяне верылі ў абсалютныя прынцыпы, такія, напрыклад, як годнасць чалавека, свабода, справядлівасць і г.д. У адваротным выпадку дэмакратыя становіцца толькі працэдурай, з дапамогай якой можна змяняць сутнасць рэчаў. Прырода дэмакратыі палягае не ў працэдурнасці, але ў павазе да годнасці кожнага чалавека. Чалавек для яе павінен з’яўляцца абсалютнай каштоўнасцю. А на што можа абапірацца абсалютная каштоўнасць, як не на абсалют Бога?

Ці сапраўды рэлігія з’яўляецца ірацыянальнай?

Звернемся да другога пункту: ці рэлігія ірацыянальная? Без сумневу, існуюць ірацыянальныя, парцыяльныя, фрагментарныя формы рэлігій. Аднак хрысціянства да іх не адносіцца. Існуюць рэлігіі, што грунтуюцца на міфах, якія разумеюць боскасць як сукупнасць сілаў, што асуджаюць і г.д. Але ёсць хрысціянска-юдэйская рэлігія Логаса, Розума – вера ў Бога, які з’яўляецца Праўдай і Любоўю. Гэта рэлігія рацыянальная – яна не заклікае чалавека адмаўляцца ад таго, што па-сапраўднаму чалавечае.

Свет без Бога – варожы Богу

Негледзячы на гэта, многія лічаць свецкасць нейтральнасцю, выключэннем рэлігіі з грамадскай сферы. Ідэя пазбавіць рэлігійнага зместу Божае Нараджэнне, прыбраць рэлігійныя сімвалы, не звяртаць увагі на голас Касцёла ў грамадскім і палітычным жыцці – усё гэта праявы разумення свецкасці як варожасці рэлігіі. Такая варожасць ніяк не можа называцца нейтральнасцю. Сцяна без крыжа не з’яўляецца нейтральнай, яна з’яўляецца сцяной без крыжа. Грамадскае жыццё без Бога не нейтральнае, гэта жыццё без Бога. Дзяржава, якая забараняе вернікам публічна сведчыць аб сваёй веры не з’яўляецца нейтральнай да рэлігіі, але хоча заключыць веру толькі ў прыватную сферу. Паміж прысутнасцю і адсутнасцю Бога ў грамадскім жыцці няма нейтральнасці. Выключыць Бога з гэтай сферы азначае будаваць жыццё без Яго. Некаторыя людзі робяць розніцу паміж слабай свецкасцю і моцнай. Першая заключаецца ў тым, каб абмежаваць ролю рэлігіі ў публічнай сферы, а другая быць адкрыта варожай рэлігіі. Але такі падзел не мае сэнсу, бо свет без Бога, ён ўжо з’яўляецца светам супраць Бога. Выключыць Бога, нават не змагаючыся супраць Яго, азначае будаваць будучыню без апоры на Яго.

Таму хрысціянін палітык павінен разумець, што свецкасць гэта не нейтральнасць, а дзяржава, якая змагаецца з рэлігіяй нараджае новую рэлігію, якой з’яўляецца рэлігія дзяржавы. Яна сама ставіць сабе межы, змяняе законы па свайму разуменню. Рана ці позна яна перакрочыць гэтыя межы і, абапіраючыся на рацыянальнае тлумачэнне і жаданне большасці, пачне пагражаць існаванню чалавека, паставіць у небяспеку яго жыццё і правы. Такім чынам, слушнымі з’яўляюцца словы, напісаныя ў Кампендыуме сацыяльнага навучання Касцёла: сапраўдная дэмакратыя – гэта не толькі вынік фармальнага выканання правілаў, але плён асэнсаванага прыняцця каштоўнасцяў, якія натхняюць дэмакратычныя працэдуры. Сацыяльнае навучанне звяртае увагу на адну з галоўных пагрозаў для сучаснай дэмакратыі – этычны рэлятывізм, які прымушае адмаўляць у існаванні аб’ектыўнага і ўніверсальнага крытэрыя, якая дазваляе будаваць фундамент і правільную іерархію каштоўнасцяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.