2011-07-12 12:55:56

Камерун: каталіцкія біскупы прызначаны на грамадскія пасады


RealAudioMP3 Прэзідэнт Камеруна Паўль Бія прызначыў мясцовага біскупа Ёзэфа Бефэ Атэбу старшынёй Нацыянальнай рады па камунікацыі. 49 гадовы біскуп у 1991-1994 г.г. навучаўся ў Вышэйшай школе тэхнічных навук па спецыяльнасці інфармацыя і камунікацыя. Быў сакратаром выканаўчага камітэта Панафрыканскай Канферэнцыі Біскупаў па сацыяльнай камунікацыі, прэс-сакратаром сімпозіўма Біскупскіх канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара, а таксама Генеральным сакратаром па сродках масавай камунікацыі Канферэнцыі Біскупаў Цэнтральнай Афрыкі.

Нацыянальная рада па камунікацыі з’яўляецца кансультатыўным органам, які выказвае сваё меркаванне аб стане і працы камерунскіх СМІ. Падчас выбарчай кампаніі ажыццяўляе таксама нагляд за прысутнасцю і дзейнасцю кандыдатаў на прэзідэнта на радыё і тэлебачанні. Прэзідэнцкія выбары пройдуць у Камеруне ў кастрычніку гэтага года.

Станоўча было прынята таксама прызначэнне біскупа дыяцэзіі Бафуссам Д’едоннэ Вацьё ў выбарчую камісію. Іерарх увайшоў у склад Выбарчай рады па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў у Камеруне, якая налічвае 18 членаў, пяць з якіх з’яўляюцца прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Яго прызначэнне падпісаў на мінулым тыдні Прэзідэнт Паўль Бія.

У склад выбарчай камісіі ўвайшоў таксама П’ер Ціці Нвель, соцыёантраполаг, якія з’яўляецца старшынёй Камісіі “Справядлівасць і Мір” у Каталіцкім Касцёле Камеруна.







All the contents on this site are copyrighted ©.