2011-07-11 18:22:08

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Роля дыялога ва ўмацаванні хрысціянскай тоеснасці


RealAudioMP3 Шаноўныя слухачы, у нашых папярэдніх радыёспатканнях на тэму сучасных шанцаў і пагрозаў ва ўмацаванні каталіцкай ідэнтычнасці, мы звярталі шмат увагі на ролю адносінаў з з Богам, сваім унутраным светам і нашым акружэннем. У сённяшняй перадачы хацеў бы запрасіць вас паразважаць над роляй дыялога ва ўмацаванні хрысціянскай тоеснасці.

Тое, што па сваёй прыродзе мы схільныя да дыялогу, здаецца відавочным. Сам факт нашай здольнасці і жадання кантакту гаворыць аб імкненні нашага “я” да дыялога з “ты” акружаючага свету асобаў і прадметаў. Нашыя адносіны з Богам – гэта таксама міжасабовы кантакт. Больш таго, нават застаючыся сам, чалавек не перастае весці дыялог са сваімі думкамі.

З другога боку можна заўважыць, што спатканне з іншымі асобамі не абавязкова азначае адразу дыялог. Можна кантактаваць з рознымі людзьмі, але так на самой справе з імі і не спаткацца. Можна нават з кімсьці размаўляць так, што гэта будзе не дыялог, але ўсяго толькі маналог дзьвюх асобаў. Сапраўднае спатканне, дыялог, патрабуе не толькі ўмення чуць, але слухаць. Гэтыя, здавалася б, тэарэтычна простыя ісціны так цяжка рэалізаваць у практыцы.

Яшчэ ў хрысціянскай старажытнасці айцы Касцёла заўважылі, што сапраўднае і паўнавартаснае спатканне патрабуе трох “сясцёр”: маўчання, слухання і слова. Каб кагосці пачуць або дазволіць прамаўляць, трэба суцішыцца, замаўчаць. Гэтая праўда важная не толькі ў чалавечых міжасабовых адносінах, але таксама ў дыялогу паміж чалавекам і Богам.

Першая ўмова глыбокага кантакту з Богам і чалавекам – гэта ўменне суцішыцца да такой ступені, каб іншаму даць магчымасць гаварыць, а сабе – слухаць. Варта заўважыць, што многія хрысціяне, якія скардзяцца на праблемы з малітвай, на самой справе маюць клопаты з уменнем маўчаць і слухаць. Маўчанне – гэта не нешта пасіўнае. Суцішэнне патрэбнае для таго, каб стварыць прастору для дыялогу. Чым большай будзе гэтая прастора, тым глыбейшым будзе дыялог і сустрэча. Стварыўшы прастору суцішэння, не варта пераходзіць адразу да слова. Належыць спачатку прайсці па ступенях слухання. Айцы Касцёла, разважаючы над уменнем слухаць Бога на малітве, часта карысталіся вобразам старазапаветнага храма, з якім параўноўвалі душу чалавека. Наведвальнік святыні праходзіў праз парог, адмысловы вестыбюль, унутраную частку храма, даходзячы да “святая святых” – месца прабывання Хвалы Божай. Так адбываецца і на шляху чалавека да глыбіняў сваёй душы, каб яна стала месцам паўнавартаснай сустрэчы з Богам. Знешнія часткі храма айцы Касцёла параўноўвалі з масай павярхоўных думак, якія атакуюць асобу на самым пачатку яе малітоўнага дыялогу з Богам. Вялікая цярплівасць, адпаведнае месца і час малітвы адыгрываюць велізарную ролю ў дыялогу з Богам. Яны спрыяюць таму, што вернік хутка праходзіць праз тоўшчу думак, эмоцый, перажыванняў, каб урэшце дайсці да такога ўзроўню суцішэння, калі чуе ўжо не толькі самога сябе, але адкрывае прастору для Пана Бога. Здаецца, што менавіта ў вопыце паспешлівай малітвы, якая не выходзіць па-за межы слухання толькі свайго ўнутранага (або знешняга) шуму, крыецца незадаволенасць і расчараванне многіх хрысціянаў сваім малітоўным жыццём. Сурёзны кантакт з Богам патрабуе адпаведнага рэжыму дня, месца і часу. Хрысціяніну, які жадае вывесці сваё духоўнае жыццё на ўзровень якаснай малітвы, рэальнага кантакту з Жывым Богам, неабходна няспынна прыкладаць намаганні, каб вызваліць на гэта адпаведную прастору ў сваім жыцці. Варта аб гэтым часта прасіць Пана Бога. Бо толькі з Яго дапамогай можна фарміраваць сапраўдную каталіцкую ідэнтычнасць. У нашым наступным радыёспатканні пагаворым пра такі важны элемент дыялогу, як уменне размаўляць. Пабачым, як шмат у фарміраванні нашай тоеснасці залежыць ад дыялогу на узроўні слова.








All the contents on this site are copyrighted ©.