2011-07-11 13:39:04

Грузія: новы закон аб юрыдычным статусе рэлігійных груп


RealAudioMP3 Парламент Грузіі зацвердзіў у другім і трэцім чытанні закон аб юрыдычным статусе дзеючых у краіне рэлігійных аб'яднанняў. Ён быў зацверджаны галасамі 70 дэпутатаў. Апазіцыя ў галасаванні удзелу не прымала, бо патрабавала адкласці разгляд пытання.

Згодна з прынятымі зменамі ў Грамадзянскі кодэкс Грузіі, статус юрыдычнай асобы публічнага права змогуць атрымаць рэлігійныя аб'яднанні, якія маюць гістарычныя сувязі з Грузіяй або атрымалі ўжо юрыдычны статус у краінах Савета Еўропы. У першапачатковым варыянце законапраекта гаворка ішла аб Рыма-Каталіцкім Касцёле, Армянскай Апостальскай Царкве, хрысціянах-баптыстах, ісламскіх і іудзейскіх супольнасцях, аднак у канчатковы варыянт тэксту былі ўнесены папраўкі, і канкрэтныя рэлігійныя аб'яднанні не ўказываюцца.

Закон прыняты на фоне патрабаванняў як парламенцкай, так і пазапарламенцкай апазіцыі прыпыніць яго прыняцце і правесці грамадскія дэбаты і кансультацыі з грузінскім патрыярхатам. Патрыярх Ілля II патрабаваў прыпынення разгляду пытання аб прысваенні некаторым рэлігійным арганізацыям у Грузіі статусу юрыдычных асоб, лічачы нечаканай гэтую ініцыятыву парламента на фоне, калі пытанне аб прыналежнасці грузінскіх цэркваў за мяжой пакуль не вырашана. Праціўнікі прынятага парламентам Грузіі закона ў мінулую суботу правялі ў цэнтры Тбілісі шматтысячнае шэсце.

Прадстаўнікі парламенцкай большасці заявілі журналістам, што ім не атрымалася дамовіцца з прадстаўнікамі Патрыярхіі. Як растлумачыў дэпутат Паўле Кублашвілі, патрыярхія патрабавала максімальна скараціць спіс тых рэлігійных аб'яднанняў, якія атрымаюць права быць юрыдычнымі асобамі публічнага права.







All the contents on this site are copyrighted ©.