2011-07-09 11:02:14

Беларусь: у Тракелях сабралася 12 тыс. вернікаў


RealAudioMP3 7-8 ліпеня на Гродзеншчыне адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Тракельскай, чый абраз з’яўляецца адной з самых шанаваных каталіцкіх святынь Беларусі. Копія знакамітай іконы Маці Божай Снежнай была прывезена ў невялікае мястэчка Тракелі ў XVI стагоддзі. Тут, у санктуарыі, традыцыйна і адбываюцца святкаванні ў яе гонар ужо на працягу стагоддзяў.

У 1994 г. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прапанаваў адзначаць урачыстасць як дыяцэзіяльную штогод у першую нядзелю ліпеня. З таго часу свята даўно выйшла за рамкі “мясцовага”. Ужо шмат гадоў у гэтыя дні ў Тракелі ідуць і едуць пілігрымы. Сёлета – 6 вялікіх пешых груп з Гродзенскай дыяцэзіі, госці з усёй краіны, а таксама з-за мяжы – Польшчы і Літвы.

Апоўначы прайшла традыцыйная працэсія са свечкамі і св. Імша, у якой прынялі ўдзел каля 12 тыс. вернікаў. Сённяшнюю літургію ў 10.00 гадзін цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Сёлетняя ўрачыстасць прайшла пад дэвізам “Totus tuus”, што значыць “Увесь твой, Марыя”. Словы ўзяты з герба папы Яна Паўла II, за беатыфікацыю якога дзякавалі ўсе прысутныя. Менавіта Ян Павел ІІ роўна 20 гадоў таму абвясціў заснаванне Гродзенскай дыяцэзіі. Пазней, у 2005 г., ужо папа Бэнэдыкт XVI асвяціў кароны для абраза Маці Божай Тракельскай, што стала пацвярджэннем цудатворнасці святыня з невялікага вясковага касцёла. І з кожным годам памаліцца перад ёй прыходзіць усё больш вернікаў.

Ларыса Абрамчук. Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.