2011-07-08 12:09:44

Масква: Праваслаўная Царква крытыкуе законапраект аб ахове здароўя


RealAudioMP3 У Маскоўскім Патрыярхаце падвергнулі крытыцы законапраект “Аб асновах аховы здароўя грамадзян у РФ” і выказалі надзею, што тыя хто яго распрацоўваў, ўнясуць папраўкі, накіраваныя на зніжэнне колькасці абортаў.

“Я рады, што другое чытанне гэтага законапраекта перанесена на восень. Не вельмі зразумела, навошта была патрэбна спешка, чаму некаторыя чыноўнікі і дэпутаты хацелі любой цаной правесці гэты закон у другім і нават у трэцім чытанні да канца гэтай думскай сесіі”, - сказаў агенству “Інтэрфакс” кіраўнік Сінадальнага Аддзела па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства протаіерэй Усевалад Чаплін.

Паводле яго слоў, звычайна, калі ў такіх выпадках спяшаюцца, значыць, чагосьці баяцца, у прыватнасці, рэальнай грамадскай дыскусіі. “Не выпадкова гэты законапраект называюць спрэчным. Шматлікія дактары, палітыкі, значная колькасць вернікаў Рускай праваслаўнай царквы крытыкавалі многія яго пункты”, - сказаў іерарх.

Протаіерэй Чаплін адзначыў, што сярод вельмі спрэчных момантаў – “спроба зацвердзіць практыку сурагатнага мацярынства па схеме, прынятай у краінах трэцяга свету, але незнаёмай большасці паважаючых сябе дзяржаў”.
Святар перакананы, што “гэта прапанова мае патрэбу ў пераглядзе”.

Ён нагадаў, што пры ўдзеле прадстаўнікоў Царквы былі распрацаваны папраўкі, якія датычацца абортаў.
Так, прапаноўвалася даць шырокае вызначэнне аборту, якое ўключае ў сябе міні-аборт і медыкаментозны аборт, забяспечыць візуалізацыю плёну для жанчыны, праслухоўванне сэрцабіцця плёну з дапамогай ультрагуку, забараніць выкарыстанне чалавечых эмбрыёнаў і яго органаў і тканяў ў касметычных, фармацэўтычных і медыцынскіх мэтах.

“Пераважная большасць гэтых паправак было адпрэчана валявым рашэннем старшыні камітэта Дзярждумы па ахове здароўя Вольгі Барзовай”, - канстатаваў айцец Усевалад. Пасля “нялёгкіх перамоваў” былі прынятыя фактычна толькі дзве папраўкі.
Адной з іх з’яўляецца права урача адмовіцца ад правядзення аборту з прычыны уласных перакананняў і веравызнання за выключэннем выпадку, калі аборт праводзіцца з наяўнасці медыцынскіх паказанняў і замена урача немагчыма.
Другая папраўка прадугледжвае, што штучнае перарыванне цяжарнасці праводзіцца не раней 48 гадзін з моманту звароту жанчыны ў медыцынскую ўстанову за выключэннем выпадку, калі медыцынскае ўмяшанне з’яўляецца тэрміновым.

“Тое, што гэтыя прапановы падтрыманы, добра, але трэба зрабіць значна больш. Каб пераадолець дэмаграфічны крызіс, павінна прынцыпова змяніцца стаўленне да аборту на ўзроўні права і палітыкі. Трэба зрабіць усё, каб пераканаць жанчыну адмовіцца ад забойства ўласнага дзіцяці і абавязаць да сур’ёзнага разважання
з улікам дакладнага разумення таго, што адбываецца пры аборце”, - падкрэсліў айцец Усевалад.

Паводле яго слоў, “калі мы не прыкладзем цяпер усе сілы да таго, каб абмежаваць аборты, усе размовы аб дэмаграфічнай накіраванасці нашай палітыкі апынуцца крывадушнасцю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.