2011-07-07 12:00:59

Кардынал Таран: рэлігійная свабода – гэта больш чым магчымасць выканання культу


RealAudioMP3 Свабода веравызнання "азначае больш чым магчымасць выканання культу" - яна накіравана на ўдзел вернікаў у інтарэсах грамадства і публічным абмеркаванні. Гэта падкрэсліў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран, у інтэрв'ю нашаму радыё.

У інтэрпрэтацыі рэлігійнай свабоды заўсёды існуе "вялікая нявызначанасць", часта яна разумеецца толькі як "свабода мець месца для малітвы". Гэта сапраўды "мінімум", але справа ў тым, каб даць вернікам "магчымасць удзелу ў грамадскім жыцці і грамадскім дыялогу, праз палітычнае і культурнае ўзаемадзеянне, а таксама ўдзелу ва ўсіх сацыяльных праектах, і не толькі ў прыватнай сферы". Але з апошнім "ёсць відавочныя цяжкасці", - сказаў Таран.

Гэту заяву іерарх зрабіў у сувязі з апублікаваным на прошлым тыдні ў Жэневе дакументам, які змяшчае кіруючыя прынцыпы "хрысціянскага сведчання ў мультырэлігійным свеце". Дакумент быў падрыхтаваны сумеснымі намаганнямі Сусветнай рады Цэркваў, Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу і Сусветнага евангелічнага альянсу, і стаў вынікам пяцігадовага працэсу абмеркаванняў.

Кардынал Таран удакладніў, што мэтай дакумента не з'яўляецца навяртанне на якую небудзь рэлігію, але сведчанне. Гэта вялікая розніца. Міжрэлігійны дыялог грунтуецца перш за ўсё на інтэнсіўным слуханні і ўзаемаразуменні. У свабодзе выбару чалавека за або супраць Бога, такі дыялог і паразуменне маюць важнае значэнне.

Дакумент утрымлівае асновы і прынцыпы місійнай працы і рэкамендуе стварэнне хрысціянскімі Цэрквамі "нацыянальных і рэгіянальных міжканфесійных саюзаў і місіянерскіх арганізацый" і развіццё "кодэксу хрысціянскага сведчання". У ім гаворыцца, што "прыклад і навучанне Езуса і першай Царквы", з'яўляецца цэнтральным узорам сапраўднай хрысціянскай місіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.