2011-07-06 12:34:58

Зімбабвэ: улады забараняюць хрысціянам займацца дабрачыннасцю


RealAudioMP3 Улады Зімбабвэ, асцерагаючыся ўплыву хрысціянскіх цэркваў, забараняюць ім займацца дабрачыннасцю. Паводле інфармацыі нямецкага “domradio”, у Зімбабвэ ўсё часцей адзначаецца ціск на хрысціянскае духавенства. Па словах аналітыкаў, прэзідэнт Мугабэ баіцца наступстваў паўночнаафрыканскіх рэвалюцый і палітычнага ўплыву цэркваў.

Пастар нямецкамоўнай евангелічнай супольнасці ў сталіцы Зімбабвэ Харары Клаўс Петэр Эдзінгер распавёў, што ўрад дастаткова ясна дае зразумець, што дабрачынная дзейнасць хрысціянскіх парафій непажадана. Па словах пастара, дабрачынная раздача кукурузнай мукі, алею і адзення тым, хто жыве ў нястачы, расцэньваецца як “палітычны акт”. Пры гэтым, службы бяспекі пастаянна наведваюць набажэнствы, паказваючы тым самым, што супольнасці знаходзяцца пад надзорам. Святароў затрымліваюць, збіваюць. Крытыкі рэжыму “пераследуюцца, на іх аказваецца ціск, іх дамы і палі спальваюць, іх жывёлу забіваюць, іх жанчын гвалтуюць”, - адзначыў пастар Эдзінгер.

Генеральны сакратар Зімбабвійскай царкоўнай рады Салмон Званнэ лічыць, што ўрад, асцерагаючыся масавых паўстанняў на кшталт тых, што адбываюцца ў Паўночнай Афрыцы, нават набажэнствы класіфікуе як з'яву патэнцыйна небяспечную.

Прыкладна чвэрць насельніцтва краіны (12 млн. чалавек) вызнаюць хрысціянства. Яшчэ каля 50% належаць да хрысціянска-афрыканскіх сінкрэтычных культаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.