2011-07-06 12:55:58

Ватыкан: хутка зборнік матэрыялаў аб генацыдзе армян у Турцыі


RealAudioMP3 Матэрыялы Сакрэтнага архіву Ватыкана за перыяд Другой сусветнай вайны і пантыфікату папы Пія XII будуць падрыхтаваны і адкрыты для даследавання навукоўцамі на працягу бліжэйшых 2-3 гадоў, паведаміў кіраўнік Сакрэтнага архіву біскуп Серджыа Пагано.

Падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 5 ліпеня ў Ватыкане, біскуп Пагано распавёў журналістам, што сартаванне і каталагізацыя тысяч дакументаў часу пантыфікату Пія XII будзе хутка скончана. Як адзначыў іерарх, папа Бэнэдыкт XVI асабіста прыме рашэнне аб адкрыцці архіваў для шырокай грамадскасці.

Яўрэйскія лідэры просяць у Ватыкана больш хуткай публікацыі матэрыялаў эпохі Другой сусветнай вайны, падкрэсліваючы, што толькі Ватыканcкія дакументы змогуць канчаткова праліць святло на сапраўднае стаўленне папы Пія XII да нацысцкага рэжыму і яго ролю ў выратаванні яўрэяў падчас Халакосту. Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI у свой час таксама выказвалі спадзяванне на публікацыю ватыканскіх дакументаў часу вайны ў бліжэйшыя гады. Аднак, як адзначаюць ватыканскія архіварыўсы, гіганцкія аб'ёмы архіўных матэрыялаў не дазваляюць зрабіць іх даступнымі так хутка, як гэтага хацелася б.

Біскуп Пагано сказаў, што супрацоўнікі Сакрэтнага архіву Ватыкана працуюць над важнымі дакументамі аб генацыдзе армян у Асманскай імперыі ў гады Першай сусветнай вайны. Гэтыя дакументы хутка будуць выдадзены. Яны выклікаюць “нястрымнае пачуццё болю і жаху”, сказаў іерарх. Паведамленні аб жорсткасці турак у дачыненні да армян, адзначыў іерарх, “прымусілі мяне пасаромецца таго, што я з'яўляюся чалавекам”.







All the contents on this site are copyrighted ©.