2011-07-05 15:19:36

Эфіёпскі прынц заклікае Еўропу не падтрымліваць афрыканскіх дыктатараў


RealAudioMP3 Еўропа не павінна больш падтрымліваць афрыканскіх дыктатараў. З такім заклікам да палітыкаў звярнуўся пляменнік апошняга імператара Эфіёпіі Асфа-Воссэн Ассэрат. "Мой кантынент выступае зараз не толькі супраць мясцовых дэспатаў. - сказаў ён - Паўстанні з'яўляюцца таксама ясным знакам для Еўропы: скончце, нарэшце, дапамагаць нашым дыктатарам". Ассэрат знаходзіцца ў Вене па запрашэнні фонду “Pro Oriente”.

Ён нагадаў, што аўтарытарныя лідэры такія, як Мубарак і Кадафі, прымаліся Захадам па эканамічных матывах "як багі", цалкам не зважаючы на тое, што яны рабілі з уласным народам. Гэта "рэальная палітыка падману", нарэшце, павінна спыніцца, сказаў Ассэрат. На яго думку, ніхто не можа казаць у нядзелю выбаршчыкам у Еўропе пра дэмакратыю і правы чалавека, а затым, у панядзелак, ажыццяўляць палітыку з дакладнасцю да наадварот у Афрыцы.

Эфіёпскі прынц адзначыў, што "калі дыктатары будуць ведаць, што Еўропа сур'ёзна да іх ставіцца, яны не адважацца прыгнятаць свой народ. І афрыканскія краіны, нарэшце, з дэмакратычна абранымі палітыкамі атрымаюць рэальны шанец весці годнае існаванне".







All the contents on this site are copyrighted ©.