2011-07-04 12:28:05

Бэнэдыкт XVI да дзеячоў мастацтва і культуры: няма прыгажосці без праўды і любові


RealAudioMP3 4 ліпеня Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у адкрыцці выставы “Светач Праўды, Прыгажосці і Любові” прысвечанай 60-годдзю яго святарскага пасвячэння. Выстава, арганізаваная ў Ватыкане Папскай радай па культуры, уключае ў сябе творы скульптараў, архітэктараў, фатографаў, пісьменнікаў, рэжысёраў, мастакоў і музыкантаў, “натхненнем для якіх стала навучанне Пантыфіка і пошук Абсалюта праз прыгажосць”. Падчас адкрыцця выставы Святы Айцец звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай, у якой адзначыў, што гэта падзея з’яўляецца лагічным працягам сустрэчы, якая адбылася 21 лістапада 2009 г. ў Сікстынскай капліцы, паміж ім і 60 прадстаўнікамі свету сучаснай культуры і мастацтва. Папа звярнуў увагу на тое, што “Касцёл і мастакі працягваюць сустракацца, размаўляць, падтрымліваць неабходнасць дыялогу, які павінен стаць больш інтэнсіўным і ясным , каб зрабіць наш свет больш чалавечым і прыгожым”.

“Сёння вы прадстаўляеце мне плёны вашай крэатыўнасці, разважання, таленту, выраз розных мастацкіх накірункаў, якія вы прадстаўляеце: мастацтва, скульптуры, архітэктуры, фотаграфіі, кіно, музыкі, літаратуры і паэзіі. Перш чым я пагляджу іх разам з вамі, дазвольце мне спыніцца толькі на назве гэтай выставы: “Светач Праўды, Прыгажосці і Любові”. Менавіта пад час св. Імшы, pro eligendo pontificе, ( у інтэнцыі выбару Пантыфіка) каментуючы выраз св. Паўла з Паслання да Эфесцаў, я акрэсліў заданне “чыніць праўду ў любові”, як фундаментальную формулу хрысціянскага існавання. Я дадаў: “У Хрысце сустракаюцца праўда і любоў”. У залежнасці ад таго, наколькі мы набліжаемся да Хрыста, ў наша жыццё уваходзяць праўда і любоў. Любоў без праўды была б сляпой; праўда без любові была б як “звінячыя цымбалы”. Менавіта праз адзінства, сімфонію, дасканалую гармонію паміж праўдай і любоўю, якая нараджае сапраўдную прыгажосць, можна несці натхненне, цуд і радасць у сэрцы людзей. Свет у якім мы жывем мае патрэбу ў тым, каб праўда ззяла, а не знікала ў хлусні і банальнасці; мае патрэбу ў тым, каб любоў разгаралася, а не затухала ад пыхі і эгаізму. Мы патрабуем таго, каб любоў і праўда ўвайшлі ў самую глыбіню нашых сэрцаў і зрабілі іх больш чалавечымі”.

Бэнэдыкт XVI заклікаў прысутных дзеячоў мастацтва ніколі не шукаць прыгажосці ўдалечыні ад праўды і любові, але дзякуючы геніальнасці і крэатыўнасці, заўсёды з адвагай шукаць праўду і сведчыць любоў; спрыяць таму, каб праўда заззяла праз творы мастацтва і такім чынам трапляла ў сэрцы людзей, робячы больш сапраўдынымі і прыгожымі іх жыцці.








All the contents on this site are copyrighted ©.