Кардынал Бэртонэ: сустрэча ў Асізі таксама для няверуючых
На малітву аб міры,
якая пройдзе ў італьянскім Асізі 27 кастрычніка, па словах кардынала Дзяржсакратара
Тарчызіо Бэртонэ плануецца запрасіць не толькі хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігій,
але таксама і няверуючых. Дзейнасць на карысць міру, з'яўляецца абавязкам усіх людзей,
падкрэсліў найбліжэйшы супрацоўнік Бэнэдыкта XVI у каментары для сённяшняга "L'Osservatore
Romano".
Сустрэча ў Асізі будзе арганізавана ў гонар гістарычнай сустрэчы за
мір у 1986 г., падкрэсліў кардынал Бэртоне. Тады ўпершыню ў гісторыі сабраліся разам
прадстаўнікі практычна ўсіх асноўных рэлігій, каб выказаць сваю прыхільнасць справе
міру ў свеце. Другі форум у Асізі адбыўся ў студзені 2002 г. Пасля тэрактаў 11 верасня
ў ЗША, прадстаўнікі рэлігій выказаліся супраць тэрарызму і інструменталізацыі рэлігіі
для насілля.
Кастрычніцкая сустрэча, якая пройдзе пад дэвізам “Пілігрым праўды,
пілігрым міру", мае на мэце аднавіць жаданне працаваць на карысць міру і пабудовы
больш справядлівага і адзінага грамадства. Мерапрыемства адзначыцца трыма элементамі:
малітвай, постам і пілігрымкай. Малітва ўдзельнікаў мірнага саміта будзе адбывацца
ў маўчанні. Па словах кардынала Дзяржсакратара, яна не будзе прамоўлена, каб пазбегнуць
якіх-небудзь праяў рэлятывізму і рэлігійнага змешвання.
Пост, які будзе перапынены
простым супольным абедам, стане выразам пакаяння і ўнутранага ачышчэння, адзначыў
кардынал. Элементам пілігрымкі стане сумесны пераезд цягніком з Рыма ў горад св. Францішка,
а таксама пешая пілігрымка з ніжняга касцёла Асізі да базылікі св. Францішка, дзе
і завершыцца супольная сустрэча за мір.