2011-07-02 12:39:25

Падведзены вынікі стану фінансаў Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 30 чэрвеня і 1 ліпеня ў Ватыкане адбылося пасяджэнне Рады кардыналаў па вывучэнні арганізацыйных і эканамічных праблем Апостальскай Сталіцы. Яно прайшло пад старшынствам кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ. Сабраныя абмеркавалі фінансавы баланс Апостальскай Сталіцы за 2010 г., бюджэт Губернатарата Дзяржавы Ватыкан у 2010 г., а таксама ахвяраванні на Пасад св. Пятра, сабраныя у 2010 г.

Кардынал Вэласіо дэ Паоліс, старшыня Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы, прадставіў фінансавую справаздачу за 2010 г., з якой вынікае, што даходы Святога Пасаду ў прошлым годзе склалі 245.195.561 еўра, а выдаткі – 235.347.437 еўра. З чаго вынікае, што прошлы год быў закончаны з прыбыткам у 9.848.124 еўра.

Бюджэт 2010 г., такім чынам, меў тэндэнцыі да ўмацавання, хоць адзначыўся ўплывам элементаў нявызначанасці і нестабільнасці ў сусветнай эканоміцы. Ён па-ранейшаму, як і ў 2009 г. адзначаецца пазітыўнымі тэндэнцыямі, якія, аднак, ужо ўвабралі ў сябе негатыўныя наступствы моцнага фінансавага крызісу 2008 г.

Старшыня Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы адзначыў, што выдаткі, галоўным чынам, былі сканцэнтраваны на ведамствах Апостальскай Сталіцы, якія, з іх спецыфічнай дзейнасцю, удзельнічаюць у пастырскай службе Пантыфіка Паўсюднаму Касцёлу. Па стане на 31 снежня 2010 г. агульная колькасць асоб, працуючых у Апостальскай Сталіцы, складала 2.806 чалавек, у 2009 г. іх было 2.762.

Кардынал дэ Паоліс прадставіў таксама бюджэт Губернатарата Дзяржавы Ватыкан у 2010 г., які зафіксаваў даходы ў памеры 255.890.112 еўра, а выдаткі – 234.847.011 еўра, і быў закрыты з прыбыткам у памеры 21.043.000 еўра. Значны ўклад у бюджэт зрабілі Ватыканскія музеі, якія адзначылі ў прошлым годзе рост колькасці наведвальнікаў, паміма крызісу ў сусветнай індустрыі турызму. На 31 снежня 2010 г. агульная колькасць работнікаў Губернатарата Ватыкана складала 1.876 асоб, гэта на 15 менш, чым у 2009 г.

Старшыня Прэфектуры эканамічных спраў падкрэсліў, што фінансавая справаздача была падвергнута праверцы і сертыфікацыі.

Рада кардыналаў заслухала таксама справаздачу аб ахвяраваннях на Пасад св. Пятра, сабраных у 2010 г. Іх складалі, як звычайна, мясцовыя Касцёлы, інстытуты кансэкраванага жыцця і таварыствы апостальскага жыцця, фонды і асобныя вернікі, перш за ўсё, з нагоды ўрачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла. У 2010 г. агульная сума склала 67.704.416,41 долар ЗША і паменшылася ў параўнанні з папярэднім годам. Члены Рады кардыналаў выказалі падзяку ўсім, хто зрабіў свой уклад, каб падтрымаць пастырскую і дабрачынную дзейнасць Святога Айца, асабліва ў сітуацыях бедстваў і надзвычайных сітуацый у розных частках свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.