Англіканскі біскуп
Кадуглі Андуду ў Паўночным Судане Адам Эльнаіл заклікае хрысціян ва ўсім свеце маліцца
і пасціць напярэдадні канчатковага падзелу Судана на Паўднёвы і Паўночны. Іерарх папярэджвае
адносна магчымага генацыду хрысціян у рэгіёне Нубійскіх гор, дзе за апошнія тыдні
рэзка ўзрасла колькасць выпадкаў насілля, перадае “Christian Today”.
Рэгіён,
які з'яўляецца домам для многіх хрысціян, можа застацца пад кантролем Хартума і мусульманскай
Поўначы пасля таго, як 9 ліпеня Паўднёвы Судан здабудзе незалежнасць. Па меры таго,
як наступаюць суданскія танкі і артылерыя, сотні тысяч нубійцаў пакідаюць свае дамы.
Прадстаўнікі ААН і мясцовыя жыхары, якім удалося ацалець, расказалі пра тое, што суданская
армія карае смерцю мірных жыхароў, праводзіць масіраваныя бамбардзіроўкі, у выніку
якіх разбураюцца храмы і дамы.
У сувязі з тым, што кіраўніцтва Паўночнага Судана
заклікала міратворчую місію ААН пакінуць краіну, у грамадстве ўзнікаюць сур'ёзныя
асцярогі, што ваенныя аперацыі працягнуцца і далей.
“У чарговы раз мы сутыкаемся
з кашмарам генацыду нашых людзей, са спробай знішчыць нашу культуру і грамадства”,
- заявіў біскуп Эльнаіл. Паводле іерарха, “гэта не вайна паміж войскамі, якая вядзецца
на нашай зямлі, гэта поўнае разбурэнне нашага ладу жыцця і нашай гісторыі, мы можам
назіраць гэта на прыкладзе генацыду нашых суседзяў і сваякоў у Дарфуры. Гэта вайна,
накіраваная на зняволенне і знішчэнне ў корані, гэта тэрарыстычная вайна ўрада Судана
супраць уласнага народа".
Біскуп выказаў занепакоенасць адносна будучыні хрысціян
на Поўначы краіны, кіраўніцтва якой пасля 9 ліпеня, па заяве прэзідэнта Амара аль-Башыра,
будзе адбывацца па законах шарыяту. Іерарх лічыць, што адмова аль-Башыра прызнаць
законнае існаванне хрысціянскай меншасці на Поўначы, раўнасільна адмове прызнаць існаванне
двухтысячагадовай спадчыны Хрысціянства.