2011-07-02 16:37:36

Будслаў сканцэнтраваў у сабе духоўную энергію Беларусі


RealAudioMP3 У XVI стагоддзі, 2 ліпеня, будаўнікам касцёла ў Будславе з’явілася Панна Марыя. Прайшоў час, і з Рыма ў маленькае мястэчка прывезлі абраз незвычайнай прыгажосці. Гэта быў 1613 год, і з тых пор – гэта амаль чатыры стагоддзі – выява Маці Божай тут і знаходзіцца. З той пары да яе ідуць пілігрымы, каб 2 ліпеня адзначыць яе свята. Яшчэ напярэданні невялікае мястэчка ператвараецца ў месца ўсеагульнай малітвы. У гэтым годзе толькі пешшу ў Будслаў прыйшло 2,5 тыс. чалавек з розных куткоў краіны. Ёсць і госці з-за мяжы – Расіі, Польшчы, Літвы, Італіі. Роўна апоўначы ўсе прынялі ўдзел у традыцыйнай працэсіі са свечкамі і св. Імшы.

Арганізаваныя пілігрымкі ў Будслаў спыніліся толькі ў савецкія часы, традыцыя адрадзілася ў 1992 г. Будслаўскі абраз Божай Маці – самая шанаваная каталіцкая святыня Беларусі. Выява лічыцца цудатворнай – пацвярджэнне гэтаму – і запісы пілігрымаў, якія атрымалі дапамогу праз малітвы, і каранацыя папскімі каронамі ў 1998 г.

Падчас урачыстасцяў біскуп Антоній Дзям’янка ад імя ўсіх прысутных павіншаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з новым прызначэннем на пінскую катэдру. Новапрызначаны Апостальскі Адміністратар, у сваю чаргу, ахвяраваў св. Імшу апоўначы за кардынала Казіміра Свёнтка, які зараз знаходзіцца ў шпіталі. Падчас гаміліі арцыпастыр адзначыў важнасць пілігрымак. Ён лічыць іх сведчаннем веры і спосабам новай евангелізацыі.

Усе мерапрыемствы трансліравалі на вялікім светадыёдным экране, адбывалася прамая трансляцыя ў інтэрнэце. Увесь час копія абраза Маці Божай Будслаўскай стаяла ў алтары, які збудавалі перад санктуарыем, а да арыгіналу ў базыліцы ішоў пастаянны паток людзей, якія пераадолелі десяткі і сотні кіламетраў, а апошнія метры да святыні ішлі на каленях.

Ларыса Абрамчук, Будслаў







All the contents on this site are copyrighted ©.