2011-06-29 16:20:59

Рым: форум па праблеме голада


RealAudioMP3 З 25 чэрвеня па 2 ліпеня у Рыме праходзіць 37-я сесія генеральнай канферэнцыі FAO, арганізацыі ААН па пытаннях харчавання і сельскай гаспадаркі. У сустрэчы прымае ўдзел арцыбіскуп Луіджы Траваліно, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры гэтай арганізацыі. У сваёй прамове, падчас пасядэння форума, ён звярнуў увагу на тое, што ў свеце змяншаюцца запасы ежы і назіраецца пагроза харчовай небяспекі. “Гэта асабліва ўскладняе жыццё людзей, якія ўжо зараз церпяць голад”, - адзначыў іерарх.

“Урады краін і міжнародная супольнасць пакліканы да таго, каб не капітуліраваць перад абліччам голаду і адсутнасці харчавання”,- адзначыў арцыбіскуп Траваліно. Ён указаў на неабходнасць забяспечыць кожнай чалавечай асобе годныя ўмовы жыцця. “Мы павінны развіваць сельскую гаспадарку, якой сёння пагражаюць эканамічны крызіс, прыродныя катаклізмы, а таксама неадказныя дзеянні чалавека, што скіраваны на задавальненне ўласных інтарэсаў, у той час калі неабходна пачаць барацьбу з беднасцю і голадам. У гэтай сферы недастатковай з’яўляецца дзейнасць FAO, але патрэбны таксама намаганні краін, членаў гэтай міжнароднай арганізацыі”, - падкрэсліў іерарх.

У сваёй прамове ён звярнуў увагу на стратэгічную ролю сельскай гаспадаркі і на неабходнасць падтрымкі сем’яў, што жывуць у сельскай мясцовасці. “Яны павінны таксама ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, што закранаюць іх інтарэсы”, - падкрэсліў арцыбіскуп Траваліно.








All the contents on this site are copyrighted ©.