2011-06-28 14:00:34

Іспанія: біскупы супраць схаванай легалізацыі эўтаназіі


RealAudioMP3 Іспанскім урадам быў распрацаваны праект закона “аб рэгуліраванні правоў асобы на канчатковым этапе жыцця”, які можа стаць падставай для схаванай легалізацыі эўтаназіі. З гэтай нагоды іерархі краіны апублікавалі спецыяльны зварот, у якім адзначаюць, што “жыццё кожнага чалавека з’яўляецца святым, нават калі асоба слабая, пакутуючая, або знаходзіцца на парозе свайго зямнога жыцця”. “Закон павінен бараніць яе годнасць і гарантаваць клопат”, - кажуць іспанскія іерархі.

Біскупы падтрымліваюць сам намер закона, які павінен абараняць годнасць асобы перад абліччам смерці, але без легалізацыі эўтаназіі. “Паняцце аўтаноміі асобы, якое з’яўляецца амаль абсалютным, і тая вага якая надаецца гэтай аўтаноміі” у законапраекце, вядуць да адмовы ад першапачатковага намеру, “перакрочваюць дазволеную мяжу, і дазваляюць эўтаназію”. Як наступства, закон супярэчыць паняццю чалавечай годнасці, “бо чалавечае жыццё можа пазбавіцца яе ў той момант, калі так вырашыць зацікаўленая асоба, а магчыма нават і трэццяя асоба”, - адзначаюць іспанскія біскупы.

Таму іерархі лічаць, што праект закона ўтрымлівае паняцце эўтаназіі, дазваляючы магчымасць свядомага акту, які можа прывесці да смерці, напрыклад спыненне неабходных тэрапеўтычных дзеянняў. Акрамя таго, на думку біскупаў, законапраект абмяжоўвае права на свабоду веравызнання, бо санітарны персанал пазбаўляецца выбару дзейнічаць згодна з сумленнем.







All the contents on this site are copyrighted ©.