2011-06-28 16:55:53

Прэзентацыя Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе


RealAudioMP3 28 чэрвеня ў Залі Друку Апостальскай Сталіцы адбылася прэс-канферэнцыя прысвечаная маючым адбыцца 16-21 жніўня ў Мадрыдзе Сусветным дням моладзі. Перад журналістамі выступіў кардынал Станіслаў Рылка, старшыня Папскай рады па справах свецкіх. Іерарх нагадаў, што Бэнэдыкт XVI вызначыў мэтай форума евангелізацыю, галоўнымі дзеючымі асобамі якой з’яўляецца моладзь. “Аднак, гэта не азначае, што Касцёл застаецца абыякавым да цяжкіх праблем, з якімі сустракаецца сёння моладзь. - сказаў кардынал - Наадварот! Касцёл вучыць глядзець у глыбіню рэчаў, не губляючы самага галоўнага”.

Іерарх адзначыў, што Іспанія ўжо другі раз прымае Сусветныя дні моладзі, пасля сустрэчы, якая праходзіла ў Санцьяга дэ Кампастэла ў 1989 г. “Менавіта там гэты моладзевы форум набыў форму, якую мае сёння: тры дні катэхезаў, малітоўная вігілія ў суботу вечарам і нядзельная Эўхарыстыя з заклікам да моладзі аб місіянерскім служэнні. - нагадаў кардынал Рылка - У наступныя гады дадавалася нешта новае: у Дэнверы ў 1993 г. – Крыжовы шлях; у Парыжы ў 1997 г. – культурная праграма, прысвечаныя розным дыяцэзіям і так званы “Фестываль моладзі”; у Рыме ў 2000 г. – “Свята прабачэння”, якое прадугледжвала ўсталяванне 300 канфесіяналаў на тэрыторыі Вялікага Цырка і магчымасць споведзі; у Таронта ў 2002 г. з’явіўся “Кірмаш пакліканняў”; а ў Кёльне у 2005 г. – Эўхарыстычная адарацыя”. “Сусветныя дні моладзі развіваецца, спрабуючы заўсёды адказаць на сапраўдныя духоўныя патрэбы сённяшняй моладзі”, - сказаў іерарх.

Старшыня Папскай рады па справах свецкіх расказаў, што на сённяшні дзень да ўдзелу ў форуме зарэгістравалася каля 400 тыс. чалавек (чаго не сустракалася ніколі, бо звычайна моладзь запісваецца ў апошні момант). Акрамя таго, удзельнікаў будуць суправаджаць 14 тыс. святароў і 744 біскупы. Падрыхтавана 263 месцы для катэхезаў на 30 мовах; будуць распаўсюджаны 700 тыс. копій катэхізісаў для моладзі “YOUCAT” на 6 мовах; у арганізацыі форума будзе задзейнічана 24 тыс. валанцёраў; і, нарэшце, 68 іспанскіх дыяцэзій прымуць пілігрымаў перад тым, як яны скіруюцца ў Мадрыд.

Кардынал Рылка адзначыў, што асаблівая ўвага падчас мерапрыемства будзе нададзена навучанню бл. Яна Паўла ІІ – заснавальніка Сусветных дзён моладзі. “Папа зноў вернецца да моладзі, але на гэты раз як апякун і абаронца”, - сказаў іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.