2011-06-27 11:48:40

Святы Айцец уручыць новым іерархам Касцёла паліі


RealAudioMP3 Ва урачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла Бэнэдыкт XVI узначаліць св. Імшу і ўручыць прызначаным на працягу мінулага года арцыбіскупам і мітрапалітам паліі – сімвалы паслухмянасці Папе і асаблівай блізкасці Апостальскай Сталіцы.

Палій (лац. pallium) – элемент літургічнага аддзеня ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны з вышытымі чорнымі крыжамі; на канцах – з абшытымі чорным шоўкам кавалачкамі свінца. Насіць палій мае права Святы Айцец (падчас кожнай Літургіі), а таксама адзначаныя асаблівым гонарам іерархі Касцёла (толькі на вялікія святы).

Аб паходжанні традыцыі нашэння палія не існуе дакладных звестак, але вядома, што Рымскі Пантыфік насіў яго ўжо у IV ст. Магчыма гэта быў адзін з імперскіх сімвалаў, які перайшоў да біскупаў. Палій перадаваўся з Рыма мітрапалітам, асабліва ў часы папы Грыгорыя VII, адразу пасля тысячнага юбілею хрысціянства, калі вельмі тэрміновым быў кантроль за выбарам каталіцкіх іерархаў. З таго часу мітрапаліты заўсёды прыбывалі ў Рым, каб атрымаць палій. У наступныя стагодзі, палій уручаўся не толькі мітрапалітам, але і тым, хто асабліва сябе праявіў перад Касцёлам і Святым Айцом. У 70-я гады мінулага стагодзя папа Павел VI ініцыіраваў рэформу, дзякуючы якой было ўстаноўлена, што палій маглі атрымаць толькі мітрапаліты і толькі 29 чэрвеня, ва урачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла. Гэта зрабілася менавіта, каб падкрэсліць сувязь тых, хто носіць палій з Апостальскай Сталіцай.

Сімвалізм палія ўзбагачаўся на працягу стагодзяў. На пачатку, ў першым тысячагоддзі хрысціянства, палій сімвалізаваў згубленага баранка, якога адшукаў пастыр і нясе на сваіх плячах. Форма палія была адрознай ад цяперашняй – гэта бачна на выявах таго гістарычнага перыяда. Сёння такі, старажытнага тыпу палій, носіць толькі Бэнэдыкт XVI. Крыжыкі, на ім маюць чырвоны колер і сімвалізуюць раны Хрыста, а засцёжкі зроблены ў выглядзе трох цвікоў. Такім чынам палій яшчэ сімвалізуе Хрыста Добрага Пастрыра, які аддаў жыццё за сваіх авечак. Сучасны палій, які носяць мітрапаліты і арцыбіскупы, набыў сваю форму адразу пасля першага тысячагоддзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.