2011-06-24 13:26:00

Францыя: даследаванні на эмбрыёнах прынцыпова забаронены


RealAudioMP3 Даследаванні на чалавечых эмбрыёнах застаюцца пад прынцыповай забаронай у Францыі. Выключэнне могуць складаць толькі строга абмежаваныя асобныя выпадкі. Гэта стала вядома 23 чэрвеня ўвечары пасля таго, як парламент прыняў новы закон аб біяэтыцы. Сенат зацвердзіў кампрамісны з Нацыянальным сходам законапрект. Першапачаткова сенатары патрабавалі лібералізацыі права аб эмбрыянальных даследаваннях.

Паводле французскага закона донарства насення і яйцаклетак павінна заставацца ананімным. Застаецца забарона на сурагатнае мацярынства і перасадку насення памерлага партнёра, якое было папярэдне захавана. Перадімплантацыйная генетычная дыягностыка таксама павінна дапускацца толькі ў выключных выпадках. Аднаполым парам далей будзе забаронены доступ да штучнага апладнення.

Адной з асаблівасцяў закона з'яўляецца тое, што ў будучыні да перасадкі органаў ад жывых донараў не будзе дапускацца вялікая група асоб. Донарам можа быць толькі той, хто знаходзіўся не менш двух гадоў у цеснай і стабільнай эмацыйнай прыхільнасці да атрымальніка.

Паводле запісу, новы закон павінен быць перагледжаны праз сем гадоў. Каб уступіць у сілу, яго павінен падпісаць Прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі.







All the contents on this site are copyrighted ©.