2011-06-24 13:57:21

Святы Айцец: хрысціянства павінна і змушана гарантаваць, што будучыня не будзе пабудавана без Бога


RealAudioMP3 23 чэрвеня ў Рыме з нагоды Урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) папа Бэнэдыкт ХVI узначаліў св. Імшу ў базыліцы св. Яна на Латэране і правёў эўхарыстычную працэсію да базылікі Санта Марыя Маджорэ.

Падча св. Імшы ў латэранскай базыліцы Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ўрачыстасць Божага Цела непасрэдна звязана з Вялікім Чацвяргом, калі Хрыстус устанавіў Эўхарыстыю, якая не толькі аб’ядноўвае чалавека з Ім, але і адкрывае нас на іншых. “З Эўхарыстыі вынікае глыбокі сэнс сацыяльнай прысутнасці Касцёла ў свеце, аб чым сведчаць вялікія сацыяльныя святыя Касцёла”. “Хто верыць у Езуса, які знаходзіцца ў святой гостыі, прызнае Яго ў брату, які церпіць, галодны, хворы, знаходзіцца ў турме”,- адзначыў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на тое, што ў дары любові Хрыста бярэ пачатак наша адмысловая хрысціянская адказнасць за пабудову больш трывалага, справядлівага і братэрскага грамадства. “Асабліва ў наш час, калі глабалізацыя робіць нас залежнымі адно ад другога, хрысціянства павінна і змушана гарантаваць, што гэта адзінства не будзе пабудавана без Бога, без Яго сапраўднай Любові, бо без іх у свеце будуць пашырацца толькі канфлікты, індывідуалізм, злоўжыванне адных супраць другіх”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Ён нагадаў, што мэтай Евангелля заўсёды з’яўляецца адзінства сям’і, адзінства не праз прымус звонку, не праз рэалізацыю ідэалагічных ці эканамічных інтарэсаў, але праз пачуццё адказнага стаўлення сябра да сябра. “Бог, праз пасрэдніцтва сакрамэнту Эўхарыстыі, хоча працягваць аднаўленне чалавецтва, яго гісторыю. - заўважыў Папа - Праз хлеб і віно, у якіх сапраўды прысутнічаюць Яго Цела і Кроў, Хрыстус ператварае нас, робячы падобнымі да сябе, робячы нас здольнымі, дзякуючы Святому Духу, жыць паводле сваёй логікі прабачэння”.

Паводле Святога Айца, без ілюзій, без ідэалагічных утопій, хрысціяне нясуць у свет Цела Хрыста, з упэўненасцю, што любоў Бога, уцелаўлёнага ў Хрысце, мацнейшая ад зла, гвалту, смерці. Хрысціяне свядомыя, што Бог рыхтуе чалавецтву новае неба і новую зямлю, у якіх валадараць мір і справядлівасць. “З верай мы бачым новы свет, які з’яўляецца нашай сапраўднай Бацькаўшчынай”, - сказаў у сваёй гаміліі Бэнэдыкт ХVI.

На заканчэнне св. Імшы Папа ўзначаліў эўхарыстычную працэсію да базылікі Санта Марыя Маджорэ







All the contents on this site are copyrighted ©.